У розных краінах сьвету выбіралі «Слова году», якое для іх найлепш характарызуе год 2018-ы. Дзесьці рашэньне прымалі камісіі лінгвістаў, а недзе выбар пакінулі за носьбітамі мовы.
Як адзначае «Настоящее время», на вынікі ўплывалі самыя розныя чыньнікі: для адных краін вызначальнымі сталі сацыяльныя закалоты, для іншых — прыродныя катаклізмы.
У Кітаі ерогліфамі 2018 году выбралі найбольш актуальныя для эканамічнага разьвіцьця — «імкненьне» і «40-годзьдзе рэформаў».
У Японіі адзначылі слова, якое перакладаецца як «катастрофа», — праз частыя сёлетнія прыродныя катастрофы.
У Галяндыі перамагло слова blokkeerfries. Так называлі фрысьляндцаў, якія заблякавалі шашу, баронячы ад дэманстрантаў каляднага героя Чорнага Піта, памочніка Санты.
У суседняй Бэльгіі флямандцы прагаласавалі за moordstrookje — «мёртвую паласу» для раварыстаў, якая, аднак, не абараняе іхных жыцьцяў.
У Злучаных Штатах карыстальнікаў слоўніка Merriam-Webster больш за ўсё цікавіла слова justice — ‘справядлівасьць, правасудзьдзе’.
У Вялікай Брытаніі чытачы Оксфардзкага слоўніка выбралі прыметнік toxic ‘таксычны’, бо на Выспах шмат было сёлета зьвязана і з рэальнай, і зь віртуальнай атрутай.
У Францыі «Словам году» стала bienveillance — ‘добразычлівасьць, альтруізм’.
У Каталёніі спыніліся на sororitat — ‘сястрынства’, жаночае сяброўства і ўзаемная падтрымка.
У Нямеччыне «Словам году» стала Heißzeit — ‘гарачая пара’. Настолькі запала ў памяць немцаўгарачае лета — 2018 і глябальнае пацяпленьне ў цэлым.
У Нарвэгіі ў гэтым зьвязку згадалі яшчэ і неўрадлівае лета. Яго абагульнілі словам fôrkrise ‘харчовы крызіс’.
У Расеі назвалі адразу два словы, зьвязаныя са скандалам у Солсбэры. Экспэртная рада адзначыла слова «Новичок» — назву рэчыва, якім атруцілі бацьку і дачку Скрыпалёў. Інстытут расейскай мовы вылучыў «шпиль» з інтэрвію падазраваных «Башырава» і «Пятрова».
У Беларусі паводле традыцыйнага апытаньня Свабоды «Словам 2018 году» стала БНР. Папулярнасьць слову забясьпечыла сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае «Слова 2018 году» — БНР