Што вы глядзелі на Свабодзе сёлета: 5 самых папулярных відэа

Сёлета Свабода апублікавала больш за 400 відэа на 6 онлайн-плятформах. Агулам іх паглядзелі больш за 25 мільёнаў разоў. Мы склалі топ-5 відэа, якія асабліва прывабілі гледачоў.

Новыя фарматы відэа ў 2018

🔲 Найперш квадрат. У 2018 годзе мы сталі найчасьцей рабіць квадратныя відэа. Такі фармат лепш успрымаецца на смартфонах. Відэахостынг YouTube сёлета пайшоў на кампраміс з традыцыйным фарматам 16x9 і адаптаваў квадратныя відэа для зручнейшага прагляду.

📱Пачатак вэртыкальнай эры. Праз 2 гады пасьля запуску stories (відэакарацелек) сацыяльная сетка Instagram прэзэнтавала IGTV — інструмэнт для публікацыі вэртыкальных відэа 9×16, даўжэйшых за 1 хвіліну, бо ў звычайнай стужцы Instagram нельга зьмяшчаць такія відэа. Менавіта іх у інстаграме Радыё Свабода і праекту Свабода ART сёлета паглядзелі больш за 611 тысяч разоў.

🔘 Яшчэ ёсьць круг. Мэсэнджэр Telegram прапануе карыстальнікам адпраўляць менавіта круглыя відэапаведамленьні. Аўтары тэлеграм-каналаў могуць перарабіць на круг любое відэа фармату 1×1, не даўжэйшае за 1 хвіліну.

З геамэтрыяй ясна. А што ж глядзелі?

1 месца —​ #загонБРСМ

У канцы кастрычніка ў рэдакцыю Свабоды трапіла відэа, зьнятае вучнем менскай гімназіі з-пад парты. З роліку разборліва чуваць, як дзецям пагражаюць і прымушаюць уступаць у БРСМ, бо «адміністрацыі школы патрэбная стопрацэнтная статыстыка, а іначай можа быць адлічэньне з клясы».

На розных плятформах відэа паглядзелі амаль 1 мільён 92 тысячы разоў. Гэта больш, чым колькасьць чальцоў БРСМ, якую называе сама арганізацыя — каля 477 500 чалавек.

Пасьля таго, як тэма прымусовага ўдзелу ў БРСМ скаланула беларускія мэдыя, некаторыя чальцы арганізацыі пачалі выходзіць зь яе. Напрыклад, праз 2 тыдні пасьля публікацыі запісу зь менскай гімназіі студэнтка БДЭУ запісала размову з дэканам свайго факультэту, які не ўхваліў яе выхад з БРСМ.

2 месца —​ ​Лукашэнка пра студэнтаў

Аляксандар Лукашэнка 19 кастрычніка на сустрэчы са студэнтамі горадзенскіх ВНУ прапанаваў адпраўляць іх служыць у войска падчас летніх вакацыяў. З гэтай нагоды Радыё Свабода ўзгадала ранейшыя прапановы зьменаў у вышэйшай адукацыі ад Лукашэнкі.

Студэнты й ня толькі актыўна дзяліліся гэтым відэа ў сацыяльных сетках, вось жа яго паглядзелі амаль 480 тысяч разоў.

3 месца —​ ​#БНР100

Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у ХХІ стагодзьдзі. Сьвяткаваньні адбываліся па ўсёй краіне, грошы на іх арганізацыю зьбіралі талакой. Толькі ў Менску на сьвяткаваньне стагодзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, паводле розных ацэнак, прыйшлі ад 11 да 40 тысяч чалавек. Яшчэ амаль 427 тысяч чалавек глядзелі онлайн-трансьляцыю на розных плятформах.

У канцы 2018 году журналісты і чытачы Свабоды назвалі БНР «Словам году», а нашы наведнікі выбралі арганізатараў сьвята #БНР100 пераможцамі намінацыі «Учынак году».

4 месца —​ ​Правілы жыцьця Барыса Кіта

Сёлета 1 лютага пайшоў з жыцьця адзін з распрацоўнікаў ракетнага паліва для амэрыканскай касьмічнай праграмы беларус Барыс Кіт, яму было 107 гадоў.

У 2017 годзе Барыс Кіт расказаў Свабодзе, як пражыць да 100 гадоў. Відэа стала адным з найбольш прагляданых пасьля сьмерці навукоўца, агулам яго паглядзелі амаль 356 тысяч разоў.

Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Гісторыя каханьня

5 месца —​ ​Лукашэнка VS Назарбаеў

Нурсултан Назарбаеў кіруе Казахстанам 29 гадоў, Аляксандар Лукашэнка Беларусьсю — усяго на 5 гадоў меней. Абодва любяць нарады, на якіх публічна вучаць працаваць міністраў ды іншых падначаленых. Свабода параўнала размовы кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў з чыноўнікамі. Відэа праглядзелі больш за 330 тысяч разоў.