Суд Фрунзэнскага раёну Менска пакараў былога палітвязьня Мікалая Дзядка штрафам у памеры 40 базавых велічынь (980 рублёў) за перапост у Фэйсбуку.
У карцінцы, якую Дзядок апублікаваў яшчэ два гады таму, міліцыя ўбачыла «дэманстрацыю нацысцкай сымболікі». За гэта на актывіста анархісцкага руху склалі адміністрацыйны пратакол.
Гэта ўжо другі выпадак, калі Мікалая Дзядка караюць за допіс у сацыяльных сетках. Першы раз адміністрацыйную справу завялі з нагоды публікацыі трох карцінак у 2017 годзе, падстава была тая ж — «дэманстрацыя нацысцкай сымболікі». Тады яго пакаралі штрафам 245 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархіста Дзядка затрымалі за «дэманстраваньне нацысцкай сымболікі»У Беларусі за «прапаганду нацысцкай сымболікі» могуць судзіць і тады, калі чалавек ня мае на ўвазе праслаўленьне нацызму. Такой сымболікай лічацца сьцяг, гімн, эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны і апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны або іх копіі.
Іх дэманстраваньне ня лічыцца парушэньнем пры дзейнасьці «ў галінах тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, кінэматаграфіі, музэйнай справы, арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, выдавецкай справы, адукацыйнай дзейнасьці, СМІ».