На біржы ў Нью-Ёрку — рэкордны рост Dow Jones пасьля падзеньня

На біржы ў Нью-Ёрку ў сераду зафіксаваны самы высокі рост індэксу Dow Jones у абсалютных лічбах за адзін дзень за ўсю гісторыю. Прамысловы індэкс Dow Jones вырас на 1086 пунктаў — амаль на 5 працэнтаў. Падобны рост зафіксавалі і індэксы Nasdaq і S&P 500. У чацьвер рэзка вырасьлі каціроўкі і на Такійскай біржы.

Рэзкага росту каціровак амэрыканскіх акцый пасьля Калядаў папярэднічала іх істотнае падзеньне за апошні месяц, якое перад каляднымі сьвятамі паскорылася. Так, за 24 сьнежня Dow Jones страціў амаль 3 адсоткі.

Нават пасьля ўчорашняга скачка індэкс Dow Jones цяпер амаль на 3 тысячы пунктаў ніжэйшы, чым у пачатку сьнежня.

Падзеньне каціровак большасьць экспэртаў зьвязвае з асьцярогамі наконт запаволеньня тэмпаў росту амэрыканскай і глябальнай эканомікі. Ролю ў гэтым маглі адыграць так званыя «гандлёвыя войны», у тым ліку з Кітаем, а таксама палітычная нестабільнасьць.

Апошнія ваганьні індэксаў суправаджаліся і палемікай прэзыдэнта Дональда Трампа з кіраўніцтвам Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы — Трамп выступае супраць павышэньня стаўкі рэфінансаваньня.