Усьлед за абвалам амэрыканскіх біржаў падаюць фондавыя рынкі Азіі

Біржа ў Нью-Ёрку. Ілюстрацыйнае фота

На фондавых рынках у Азіі адбылося падзеньне ўслед за абвалам каціровак ў ЗША 24 сьнежня. У Японіі 25 сьнежня індэкс Nikkei 225 ўпаў на 5 працэнтаў, зьніжэньне адбылося таксама на фондавых біржах у Шанхаі, Тайляндзе і Тайвані.

Біржа на Ўол-стрыт у Нью-Ёрку перажыла адно з горшых у гісторыі падзеньняў напярэдадні калядных вакацый. Dow Jones страціў 2,9 адсотка, S&P 500 — 2,7.

Упалі таксама цэны на нафту. Марка Brent страціла звыш 3 даляраў, наблізіўшыся да адзнакі 50 даляраў за барэль.

Падзеньню рынкаў у ЗША папярэднічаў твіт прэзыдэнта Дональда Трампа з крытыкай у адрас Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы (ФРС, якая выконвае ролю цэнтральнага банку ЗША). ФРС працягвае павышаць ключавую стаўку рэфінансаваньня — гэта значыць, цану крэдыту.

Трамп сцвярджае, што ФРС сваімі дзеяннямі губіць цяперашні рэкордны рост эканомікі ЗША. ФРС ў сваю чаргу лічыць, што эканоміка ЗША знаходзіцца ў добрым стане і павышэньні стаўкі ёй не пашкодзяць.

Павышэньне ключавой стаўкі і падаражэньне крэдыту астуджае эканоміку і звычайна выкарыстоўваецца для прадухіленьня некантраляванага росту інфляцыі (лішак грошай у эканоміцы прыводзіць да росту цэнаў на тавары), перагрэву эканомікі і зьяўленьня крэдытных «бурбалак». Павышэньне стаўкі таксама вядзе да ўмацаваньня нацыянальнай валюты і росту назапашваньняў у насельніцтва, якому становіцца выгадней трымаць грошы на банкаўскіх рахунках.