Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што урад ЗША ня вернецца да паўнавартаснай працы, пакуль дэмакраты ў Кангрэсе не зацьвердзяць фінансаваньне сьцяны на мяжы з Мэксыкай.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», чвэрць дзяржаўных устаноў прыпынілі сваю працу. Частковае закрыцьцё ўраду — «шатдаўн» — закранула прыблізна 800 тысяч фэдэральных службоўцаў, больш за палову зь якіх працягнуць працаваць без аплаты.
«Не магу сказаць, калі ўрад адновіць працу. Гэта дакладна не наступіць, пакуль у нас ня будзе сьцяны, агароджы, як бы яны ні хацелі яе называць. Я магу называць яе, як ім заўгодна, але сутнасьць ад гэтага не зьмяняецца. Гэта перашкода для людзей, якія спрабуюць пранікнуць у краіну», — сказаў Трамп журналістам 25 сьнежня.
У цэнтры цяперашняй бюджэтнай спрэчкі — фінансаваньне будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай. Прэзыдэнт хоча, каб Кангрэс выдзеліў 5,7 мільярда даляраў на пачатковы этап гэтага праекту, агульны кошт якога можа перавысіць 20 мільярдаў даляраў. У ходзе сваёй перадвыбарчай кампаніі Трамп абяцаў, што выдаткі на будаўніцтва сьцяны пакрые Мэксыка. Паводле Трампа, сьцяна дапаможа ў барацьбе зь нелегальнай іміграцыяй і пранікненьнем наркотыкаў у краіну.
Дэмакраты пагаджаюцца накіраваць на гэтыя мэты толькі 1,3 мільярда даляраў. Палата прадстаўнікоў, дзе большасьць складаюць рэспубліканцы, раней ухваліла гэтую ініцыятыву. Аднак дэмакраты ў Сэнаце заблякавалі праект.