У найвышэйшай футбольнай лізе Беларусі захацелі зьменшыць колькасьць клюбаў зь Менску

Ілюстрацыйнае фота

Старшыня футбольнай фэдэрацыі нават назваў клюбы, якія хоча падтрымаць: каманды з Бабруйску, Баранавічаў, Ліды, Маладэчна, Наваполацку і Пінску.

Генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі футболу Юры Вяргейчык у перадачы «Спорт-кадар» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-5» расказаў пра «праблему футболу ў рэгіёнах».

Каб «падтрымаць і вярнуць футбол у рэгіёны», ён прапанаваў:

  • падвысіць патрабаваньні да клюбаў, якія хочуць атрымаць ліцэнзію ў найвышэйшую лігу;
  • зрабіць абавязковай наяўнасьць у клюба дзіцячых і юнацкіх камандаў, ад 7 да 17 гадоў;
  • павялічыць ратацыю між найвышэйшай і першай лігамі.

Паводле Вяргейчыка, у краіне ёсьць «рэгіёны з багатымі футбольнымі традыцыямі, дзе ў клюбаў ёсьць дзіцяча-юнацкія школы, «вялікая колькасьць адданых заўзятараў» і «адпаведная найвышэйшай лізе інфраструктура».

«Ёсьць усё для разьвіцьця, — казаў Вяргейчык пра рэгіянальныя каманды. — Але рэаліі такія, што мясцовы клюб, які павінен быць вяршыняй піраміды, знаходзіцца ў заняпадзе і нават не выступае ў найвышэйшай лізе. Прыклады на паверхні: Бабруйск, Ліда, Маладэчна, Наваполацак, Пінск, Баранавічы».

Менскія клюбы з найвышэйшай лігі, сьцьвярджае ён, наадварот ня маюць інфраструктуры, выступаюць «каманды-аднадзёнкі».

Як адзначае «Трыбуна», у 2019 годзе ў найвышэйшую лігу трапіць рэкордная колькасьць менскіх камандаў: «Дынама», ФК «Менск», «Прамень», «Тарпэда», «Энэргетык-БДУ», а таксама «Іслач» зь Менскага раёну, якая выступае на стадыёне ФК «Менск». Яшчэ 10 камандаў прадставяць іншыя гарады Беларусі.

Чэмпіёнам краіны ўжо 13 сэзонаў застаецца «несталічная» каманда — БАТЭ з Барысава.

Сам Вяргейчык пачынаў гуляць у менскім клюбе — за «Дынама» з 1988 году (з 1992 – за менскае «Дынама-93»), але з 1995 па 1999 гады гуляў за бэльгійскі «Моленбэк» і нямецкі «Ален». Па вяртаньні ў Беларусь стаў на адзін сэзон гульцом салігорскага «Шахцёра», затым (з 2002 году) трэнэрам каманды, а пазьней (з 2010 па 2018 гады) і дырэктарам.

Рэгіёнам — падтрымка, «Крумкачам» — перашкоды?

Заўзятары «Крумкачоў», архіўнае фота

Тым часам прыватны менскі клюб «Крумкачы», заснаваны аматарамі, змог прабіцца ў найвышэйшую лігу без падтрымкі з боку Фэдэрацыі футболу, гуляў там у сэзонах 2016 і 2017 гадоў, але быў пазбаўлены ліцэнзіі на выступы ў найвышэйшай лізе праз «сыстэматычныя парушэньні». Клюб сьцьвярджаў, што парушэньні былі ў працэсе пазбаўленьня іх ліцэнзіі, пісаў аб сваёй «паразе» Фэдэрацыі «зь лікам 0:3».

Каманда адрадзілася як «НФК Крумкачы», згуляла ў 2018 годзе ў Другой лізе і заваявала права выйсьці ў Першую. Але туды клюб не пускаюць пад назвай са словам «Крумкачы» празь юрыдычную калізію – клюб вырашылі перайменаваць у проста «НФК» і расшыфроўваць гэта як «Незвычайна фантастычная каманда».