Расея і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў. Пра гэта распавёў журналістам у Маскве першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў.
«У нас цэнаўтварэньне на газ — з гэтым пытаньнем мы павінны вызначыцца і, пачынаючы з 2020 году, выпрацаваць прапановы па фармаваньні цэн на гэты від энэргіі», — цытуе Сілуанава агенцтва ТАСС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і Пуцін зноў сустрэнуцца да Новага годуПрэзыдэнты Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка завяршылі перамовы ў Маскве. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі зь невялікімі перапынкамі і зьменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на нарадзе: Я ўжо не называю Расею «братняй дзяржавай»Напярэдадні расейскі віцэ-прэм’ер Антон Сілуанаў заявіў пра рэгулярнае парушэньне мытнага рэжыму з боку Беларусі.
«Мы кажам беларускаму боку, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, санкцыёнка, падакцызныя тавары, якія запаўняюць нашы рынкі», — цытуе чыноўніка ТАСС.
Паводле Сілуанава, Беларусь не цалкам выконвае ўмовы саюзнай дамовы 1999 году, якая прадугледжвае стварэньне адзінай падатковай, мытнай, грашова-крэдытнай, акцызнай, эканамічнай палітыкі. У якасьці прыкладу ён прывёў адсутнасць да гэтага часу адзінай валюты.
У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка наракаў, што Масква адхіліла ўсе прапановы Менска па цэнах на газ і кампэнсацыі за падатковы манэўр нафтавай галіны.
Беларускі бок хоча дамагчыся ад Расеі кампэнсацыі за падатковы манэўр, які прывядзе да падаражэньня нафты для беларускіх НПЗ. Менск ацэньвае свае страты у 2019 годзе на ўзроўні 383 млн даляраў. Аднак Сілуанаў заявіў, што Крэмль ніякіх абяцаньняў не даваў.
Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў 13 сьнежня заявіў, што Масква гатовая да далейшага прасоўваньня ў пытаньнях рэалізацыі праекту саюзнай дзяржавы. У прыватнасьці, да правядзеньня адзінай падатковай і тарыфнай палітыкі, адзіных мытных органаў, адзінага эмісійнага цэнтру.
Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі СМІ выказаў меркаваньне, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Масква хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расеі. І запэўніў, што такога ніколі ня здарыцца.