«Сьпіс фізычных і юрыдычных асоб Украіны, у дачыненьні да якіх будуць прымяняцца спэцыяльныя абмежавальныя меры, пашыраны», — паведаміў у Твітэры прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.
Паводле Мядзьведзева, ён падпісаў адпаведную пастанову «для абароны інтарэсаў расейскай дзяржавы, кампаній і грамадзян Расеі».
У расейскім урадзе адзначылі, што сьпіс будзе пашыраны больш чым на 200 асоб і кампаній.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна хоча абмеркаваць у Менску прысутнасьць місіі АБСЭ ў Азоўскім морыРасея ўвяла санкцыі ў дачыненьні да Ўкраіны 1 лістапада. Тады ў абмежавальны сьпіс трапілі 322 фізічныя асобы і 68 юрыдычных асоб. Для іх прадугледжанае блякаваньне рахункаў, каштоўных папер і маёмасьці на тэрыторыі Расеі, а таксама забарона на вываз капіталу за межы Расеі.
Пад санкцыямі, у прыватнасьці, апынуліся міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў, лідэрка партыі «Бацькаўшчына» і прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Юлія Цімашэнка, а таксама сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандр Турчынаў.