59-гадовы амэрыканскі актор Кевін Спэйсі, двойчы ляўрэат прэміі «Оскар» і зорка тэлесэрыялу «Картачны домік», дзе ён граў ролю прэзыдэнта ЗША, 7 студзеня паўстане перад судом па абвінавачваньні ў дамаганьнях да непаўналетняга і яго зьбіваньні. Паводле выданьня Boston Globe, супраць Спэйсі вылучылі крымінальнае абвінавачваньне.
Інцыдэнт, пра які ідзе гаворка, адбыўся ў рэстаране ў штаце Масачусэтс, у ліпені 2016 году. Паводле абвінавачваньня, Спэйсі спачатку напаіў, а потым спрабаваў дамагацца 18-гадовага сына былой вядучай тэлевізійных навін Гэзэр Анру. Паводле Анру, яе сын вымушаны быў зьбегчы з рэстарана, дзе гэта адбылося: ён доўгі час не распавядаў пра інцыдэнт, бо яму было сорамна.
Пракуроры асобна разглядаюць сьцьвярджэньні аб тым, што Спэйсі ў кастрычніку 2016 году напаў і зьбіў мужчыну ў Малібу, штат Каліфорнія. Паліцыя ў Вялікабрытаніі таксама адкрыла супраць Спэйсі расьсьледаваньне па факце меркаванага сэксуальнага гвалту, але па ім пакуль актору абвінавачаньне не прад’яўлена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю». Бахарэвіч, Халезін і Цыганкоў пра новыя ролі і правілыСпэйсі стаў прычынай буйнога скандалу ў амэрыканскай кінаіндустрыі ў кастрычніку 2017 году. Тады актор Энтані Рэп у інтэрвію парталу BuzzFeed абвінаваціў яго ў сэксуальных дамаганьнях. Па словах Рэпа, інцыдэнт адбыўся ў 1986 годзе, калі яму было 14 гадоў, пасьля вечарынкі дома ў Спэйсі. Сам Спэйсі заявіў, што ня памятае такога выпадку. Пазьней актор прызнаўся ў тым, што ён гей.
«Калі я сапраўды вёў сябе так, як ён кажа, я прыношу яму самыя шчырыя прабачэньні за тое, што было б зусім непрыстойнымі паводзінамі з боку нецьвярозага чалавека. Я шкадую пра тое, што ён павінен быў адчуваць ўсе гэтыя гады», — заявіў тады Спэйсі.
Пасьля гэтага яшчэ каля 30 мужчын заявілі, што актор да іх чапляўся, а сам Спэйсі добраахвотна здаўся ў лякарню, каб прайсьці курс псыхалягічнай дапамогі і лячэньня ад алькагалізму. Кампанія Netflix пасьля абвінавачваньняў на адрас Спэйсі «забіла» ягонага пэрсанажа ў тэлесэрыяле «Картачны домік» і спыніў тэлешоў. Апошні фільм Спэйсі, Billionaire Boys Club, які ён зьняў яшчэ да абвінавачваньняў у сэксуальным гвалце, праваліўся ў пракаце.
Напярэдадні суду Кевін Спэйсі выпусьціў відэа «Я скажу шчыра», дзе ў вобразе пэрсанажа Фрэнка Андэрвуда з «Картачнага доміка», сярод іншага, кажа наступнае:
«...Вядома, некаторыя паверылі ўсяму і проста затаілі дыханьне, каб пачуць, як я прызнаюся ва ўсім. Яны проста паміраюць, каб прымусіць мяне заявіць, што ўсе сказанае праўдзіва, і што я атрымаў тое, што заслужыў... Але вы ж не паверыце ў найгоршае бяз доказаў? Вы б не пасьпяшаліся на суд без фактаў, праўда?»