Расейскія касманаўты пацьвердзілі, што нехта прасьвідраваў «Саюз» знутры

Выхад касманаўтаў у адкрыты космас для абсьледаваньня ашалёўкі карабля «Саюз МС-09»

Расейскія касманаўты Алег Арцем’еў і Сяргей Пракоп’еў пацьвердзілі, што адтуліна ў ашалёўцы карабля «Саюз МС-09» была прасьвідраваная знутры. Яны выступілі з прэс-канфэрэнцыяй пасьля размовы з прадстаўнікамі Сьледчага камітэту Расеі і тэхнічнымі спэцыялістамі.

Паводле Арцем’ева, пасьля таго, як быў выяўлены працёк паветра, экіпаж станцыі дзейнічаў зладжана і прафэсійна. Касманаўт заклікаў ня верыць інфармацыі, якую распаўсюджваюць у сацыяльных сетках аб прычынах зьяўленьня адтуліны ў ашалёўцы.

20 сьнежня расейскія касманаўты даставілі на Зямлю кантэйнэры з пробамі з адтуліны карабля «Саюз» і ўзорамі гермэтыку, узятымі падчас выхаду ў адкрыты космас 11 сьнежня. СМІ са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што гэтыя ўзоры будуць дасьледаваныя ў лябараторыях ФСБ, а вынікі могуць быць засакрэчаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Касьмічнае сьледзтва: хто прасьвідраваў карабель «Саюз»?

Адтуліна ў ашалёўцы бытавога адсека карабля «Саюз МС-09» дыямэтрам каля 1,5 мілімэтра была знойдзеная ў жніўні, калі экіпаж заўважыў нязначны працёк паветра са станцыі і пачаў шукаць яе прычыну. Адтуліну заляпілі гермэтыкам. У Расеі высоўвалася некалькі вэрсіяў зьяўленьня дзіркі, у тым ліку што яе маглі прасьвідраваць члены экіпажу. Цяпер мяркуецца, што адтуліна была зробленая на Зямлі, пасьля залепленая гермэтыкам, а пасьля таго, як карабель апынуўся ў космасе, прасачылася паветра. Не выключалася, што нехта зрабіў дзірку памылкова і, спалохаўшыся, заляпіў яе.