​Чорнае мора не належыць Расеі — міністар абароны Вялікабрытаніі ў Адэсе. ФОТА

Гэвін Уільямсан прамаўляе падчас наведваньня брытанскага карабля "Гетман Сагайдачны" ў Адэсе.

У порт Адэсы прыбыў шматмэтавы гідраграфічны карабель брытанскага ваенна-марскога флёту. У пятніцу яго наведаў міністар абароны Вялікабрытаніі Гэвін Уільямсан.

Ён сказаў, што прыбыцьцё карабля ва Ўкраіну стане «магутным сыгналам для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна». Прысутнасьць брытанскага карабля сьведчыць аб падтрымцы Ўкраіны ў яе супрацьстаяньні з Расеяй, падкрэсьліў міністар. Паводле яго слоў, вайсковая брытанская прысутнасьць у Чорным моры стане пастаяннаю.

Гэвін Уільямсан пакідае ўкраінскі карабель.

Гідраграфічны карабель HMS Echo быў накіраваны ў Чорнае мора ў пачатку сьнежня, неўзабаве пасьля захопу Расеяй трох караблёў ваенна-марскіх сіл Украіны і іх экіпажаў у раёне Керчанскай пратокі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Украіны анансаваў новы паход караблёў у Азоўскае мора

Брытанскі міністар сустрэўся зь сем’ямі 24 украінскіх маракоў, якія знаходзяцца пад арыштам у Маскве.

У той жа дзень, 21 сьнежня, Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў аб павелічэньні фінансавай падтрымкі ВМС Украіны на $ 10 млн.

Раней на гэтым тыдні ўкраінскі бок паведаміў, што брытанскі карабель увайшоў у гавань адэскага порту для забесьпячэньня свабоды мараплаўства, а дамоўленасьць аб яго візыце была дасягнутая 21 лістапада, гэта значыць яшчэ да інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы, калі міністар абароны Сьцяпан Палтарак знаходзіўся з візытам у Лёндане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: Інцыдэнты, як у Керчанскай пратоцы, прыводзілі да сусьветных войнаў

Аб плянах брытанскага карабля прайсьці праз Керчанскую пратоку ў Азоўскае мора не паведамлялася.

Як інфармуе Бі-бі-сі, брытанскія вайсковвыя караблі будуць зьмяняць адзін аднаго ў Чорным моры і такім чынам знаходзіцца там практычна ўвесь час. Згодна з Канвэнцыяй 1936 году, вайсковыя караблі краін, якія ня маюць выхаду да Чорнага мора, могуць знаходзіцца там ня больш за 21 дзень, абмяжоўваецца і танаж такіх караблёў.

Гэвін Уільямсан (другі справа) размаўляе зь міністрам абароны Ўкраіны Сьцяпанам палтаракам (трэці справа).

Паводле словаў Гэвіна Уільямсана, візыты брытанскіх караблёў у гэты рэгіён неабходныя ў якасьці дэманстрацыі «нашага права заходзіць у такія парты, як Адэса, права ваенна-марскіх флётаў мець магчымасьць дзейнічаць у Чорным моры». «Гэта не расейскае мора, гэта міжнароднае мора», — падкрэсьліў брытанскі міністар.