Апоўначы 21 сьнежня ў ЗША паўстала сытуацыя частковага закрыцьця фэдэральнага ўраду — «шатдаўн», паведамляе «Голос Америки». Падобнае адбываецца ўжо трэці раз за год.
Заканадаўцам не ўдалося дамовіцца аб фінансаваньні будаўніцтва сьцяны на мяжы ЗША з Мэксыкай, на чым настойвае прэзыдэнт Дональд Трамп.
Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведны законапраект. Кангрэсмэны спынілі працу крыху раней сямі гадзін вечару ў пятніцу.
Пасьля гэтага бюджэт, прапанаваны Палатай прадстаўнікоў, мусіў быў зацьвердзіць Сэнат. Аднак прыхільнікам будаўніцтва сьцяны не ўдалося атрымаць неабходнай колькасьці галасоў, і пасяджэньне было скончана каля васьмі гадзін вечара.
Абедзьве палаты плянуюць аднавіць працу апоўдні суботы 22 сьнежня.
Лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл даў зразумець, што перамовы будуць працягнутыя. Лідэр дэмакратычнай меншасьці Чак Шумэр заявіў газэце The Washington Post, што дэмакраты адкрытыя для абмеркаваньня, аднак не ўхваляць ніякага дадатковага фінансаваньня для будаўніцтва сьцяны.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заявіў, што з гонарам возьме на сябе адказнасьць за закрыцьцё ўраду, калі Кангрэс ня выдзеліць сродкаў на будаўніцтва сьцяны. У пятніцу раніцай ён напісаў у «Твітэры», што адказнасьць за «шатдаўн» нясуць дэмакраты.
Упершыню за апошнія 40 год фэдэральны ўрад тройчы за год перапыняў працу. У пачатку 2018 году частковае закрыцьцё ўраду адбывалася двойчы — тэрмінам на тры дні і на шэсьць гадзін. Самы працяглы шатдаўн ў гісторыі ЗША адбыўся 16 сьнежня 1995 году і падоўжыўся 21 дзень.
Каротка пра прычыны і наступствы «шатдаўну»
- Тры чвэрці дзяржаўных установаў ЗША ўжо забясьпечаныя фінансаваньнем на бягучы фіскальны год, аднак неабходна прыняць яшчэ шэраг законапраектаў.
- І дэмакраты, і некаторыя рэспубліканцы рашуча пярэчаць супраць выдзяленьня 5 млрд даляраў на працяг будаўніцтва сьцяны паміж ЗША і Мэксыкай, агульны кошт якой можа перавысіць 20 млрд даляраў.
- Акрамя міністэрства ўнутранай бясьпекі, бяз поўнага фінансаваньня застаюцца Дзярждэпартамэнт, міністэрства юстыцыі і міністэрства ўнутраных спраў.
- У вымушаны адпачынак могуць адправіцца 380 тысяч фэдэральных службоўцаў
- Каля 420 тысяч фэдэральных службоўцаў лічацца «крытычна важнымі» — яны, як чакаецца, працягнуць працу ў звычайным рэжыме: напрыклад, авіядыспэтчары, работнікі Упраўленьня транспартнай бясьпекі, агенты ФБР і Сакрэтнай службы, якой даручаная ахова прэзыдэнта.