Брытанскі суд падазрае дачок прэзыдэнта Азэрбайджану ў адмываньні грошай

Лэйла (зьлева) і Арзу Аліевы

Дочкі прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, хутчэй за ўсё, былі ўцягнутыя ў дзеяньні, якія патэнцыйна маглі быць зьвязаныя з адмываньнем грошай, пацьвердзіў у пятніцу брытанскі суд. Пра гэта паведамляе газэта Guardian. Падазрэньні сьледчых прыцягнула спроба Лэйлы і Арзу Аліевых купіць элітную нерухомасьць у Лёндане коштам у 60 мільёнаў фунтаў.

Паводле дадзеных Guardian, гаворка ідзе пра дзьве кватэры ў лёнданскім раёне Найтсбрыдж, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці ад рэзыдэнцыі каралевы — Букінгэмскага палацу. Для іх набыцьця плянавалася выкарыстаць афшорную кампанію, якую брытанскі юрыст Халід Шарыф купіў у Панамскай фірмы Mossack Fonseca.

Угода была адмененая ў 2016 годзе, калі па выніках публікацыі расьсьледаваньня аб Mossack Fonseca — так званага «Панамскага дасье» — членаў сям’і Аліевых западозрылі ў адмываньні грошай у буйных маштабах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарослая дачка Аліева на сэсіі ААН крыўлялася ў тэлефон

Паведамляецца, што Шарыфа суд абавязаў заплаціць штраф у 45 тысяч фунтаў за тое, што ён не правяраў паходжаньне сродкаў Аліевых. Паводле брытанскага заканадаўства, такія праверкі абавязковыя, калі набываюць нерухомасьць у краіне асобы, так інакш зьвязаныя з палітыкай. Паводле дадзеных сьледзтва, Шарыф адмовіўся гэта рабіць, абавязаўшы свайго асыстэнта задэкляраваць, што дочкі прэзыдэнта Азэрбайджану ня маюць дачыненьня да палітыкі.

Пасьля публікацыі ў 2016 годзе расьсьледаваньня аб Mossack Fonseca, сямʼю Аліевых западозрылі ў выкарыстаньні сеткі афшорных кампаній для набыцьця нерухомасьці ў Лёндане, Маскве, Дубаі і Празе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым розныя Лукашэнка і Аліеў?

У пачатку 2018 году таксама стала вядома, што Арзу і Лэйла Аліевы, а таксама дзеці міністра надзвычайных справаў Азэрбайджану выкарыстоўвалі дзясяткі афшорных кампаніяў для інвэстыцыяў у бізнэс, дарагую нерухомасьць і сучасныя гатэлі па ўсёй Эўропе і Блізкім Усходзе. Згодна з дадзенымі журналістаў-дасьледнікаў, агульны кошт нерухомасьці сям’і Аліевых ацэньваецца ў больш як $ 100 млн. Паводле іншага расьсьледаваньня кансорцыюму журналістаў, улады Азэрбайджану праз эўрапейскія банкі адмылі $ 2,9 млрд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аліевы: улада і бізнэс

У абнародаваных у 2010 годзе тэлеграмах Дзярждэпартамэнту ЗША, амэрыканскія дыпляматы ў Баку называлі Азэрбайджан «фэадальнай краінай» у якой эканоміка амаль цалкам кантралюецца людзьмі, зьвязанымі з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым. Ён кіруе краінай ад 2003 году, калі стаў пераемнікам свайго бацькі Гейдара Аліева, які памёр у тым жа годзе.