Кіроўцам аўтобусаў «Гроднааблаўтатрансу» забаранілі вешаць у кабіне грамадзкага транспарту «непатрэбныя прадметы», да якіх можна аднесьці і расейскія «трыкалёры». Такога выніку дамогся сваімі зваротамі і скаргамі лідзкі актывіст Валер Мінец.
Кіроўцу пазбавілі прэміі праз скандал вакол сьцяга
Змаганьне Валера Мінца з расейскімі сьцяжкамі ў Лідзе пачалося сёлета ў верасьні. Ён заўважыў у адным з гарадзкіх аўтобусаў на лабавым шкле «трыкалёр». Папрасіў кіроўцу Івана Пышынскага зьняць яго.
«Мяне гэта абурыла, бо менавіта пад гэтым сьцягам падчас Другой усясьветнай вайны расейскія фашысты, салдаты Вэрмахту, што ваявалі ў складзе Рускай вызваленчай арміі здрадніка і пярэваратня генэрала Ўласава на баку нацысцкай Нямеччыны, зьнішчалі мірнае насельніцтва Беларусі, праводзілі карныя апэрацыі супраць партызанаў і супрацьстаялі ў баях Чырвонай Арміі», — казаў Валер Мінец.
Да таго ж ён лічыць недапушчальным і незаконным разьмяшчэньне сымбаляў іншых дзяржаў у месцах грамадзкага карыстаньня.
Кіроўца адмовіўся, па словах Мінца, у грубай і абразьлівай форме. Актывіст напісаў скаргу ў аўтобусны парк з просьбай прыбраць расейскія сьцягі і прыцягнуць кіроўцу да адказнасьці за хамства.
У выніку кіроўцу пазбавілі паловы месячнай прэміі. Аднак пытаньне з сымболікай тады ня вырашылася.
Забаранілі любыя «лішнія» прадметы ў транспарце
Другі зварот з падобнай жа просьбай лідчук накіраваў у «Гроднааблаўтатранс» — забараніць вешаць у транспарце расейскія сьцягі і іншую сымболіку, акрамя дзяржаўных сымбаляў Беларусі.
«Пры павазе да ўласных поглядаў і прыхільнасьцяў кіроўцаў, дзяржаўны грамадзкі транспарт не павінен быць месцам выказваньня і прапаганды тых самых уласных поглядаў кіроўцаў гэтага аўтатранспарту, у тым ліку праз выкарыстоўваньне чужынскай сымболікі», — пісаў ён у лісьце.
З ААТ «Гроднааблаўтатранс» ён атрымаў станоўчы адказ. Гэтая арганізацыя 7 сьнежня выдала загад, які «забавязаў дырэктараў філіялаў выключыць устаноўку (мацаваньне) у транспартных сродках прадметаў, не прадугледжаных канструкцыяй аўтамабіля».
Выключэньні — сродкі навігацыі і відэарэгістрацыі, бартавыя прылады платы за праезд, фіранкі на бакавых вокнах салёну аўтобуса і «іншыя прадметы, неабходныя для ажыцьцяўленьня кантролю, забесьпячэньня бясьпекі і камфорту пасажыраў, распаўсюджваньня ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку інфармацыі».
Валер Мінец мяркуе, што сьцягі да выключэньняў не адносяцца.
Год таму лідзкі актывіст дамогся, каб з гарадзкога транспарту ў Лідзе зьніклі георгіеўскія стужкі. Ён сказаў Свабодзе, што пасьля гэтага больш ні разу ня бачыў георгіеўскіх стужак у лідзкіх аўтобусах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Георгіеўскія» стужкі прыбралі з гарадзкіх аўтобусаў Ліды