«Каб не хацелася зьяжджаць». Мянчанка ладзіць незвычайныя вандроўкі, якія дапамогуць палюбіць Беларусь

Ельня

Паглядзець на птушак, сьпячы хлеб, паезьдзіць на ровары вакол Чарэйскага возера — мянчанка Карына Сітнік арганізоўвае туры, якія паказваюць Беларусь зь незвычайнага боку. Яна падзялілася сваім досьведам бізнэсу ў Беларусі і расказала, як замежжа можа стаць штуршком наперад.

Як пачыналася

Карына Сітнік нарадзілася ў Менску і расла гарадзкім дзіцем. Прырода — гэта лета ў бабулі на вёсцы ды летнікі ў лягерах. Але ўсё зьмянілася пасьля году, праведзенага ў Фінляндыі.

Карына ў Фінляндыі

«На трэцім курсе я расчаравалася ў беларускім унівэрсытэце і вырашыла паехаць валянтэрыць у Фінляндыю. Працавала ў моладзевым цэнтры на беразе возера, побач з лесам. І вось там, у глушы, у мяне абудзіўся інтарэс да Беларусі», — расказвае Карына.

За тысячу кілямэтраў ад радзімы ў яе прачнулася прага і жаданьне размаўляць па-беларуску. Дзяўчына кажа, што за той год жыцьця ў Фінляндыі яна павандравала па ёй значна больш, чым за ўсё жыцьцё па Беларусі.

«Я разумела, што ў Беларусі і Фінляндыі блізкі турыстычны патэнцыял. Шмат лясоў і азёраў, падобны ляндшафт. Хтосьці скажа, што ў нас няма паўночнага зьзяньня. Але ў нас, напрыклад, клясная кухня. У Фінляндыі вы нідзе ня зможаце так добра паесьці, як у беларускіх сядзібах».

Фінляндыя

Па вяртаньні дадому ў дзяўчыны былі думкі знайсьці працу ў сфэры турызму. Падчас падарожжа ва ўкраінскія Карпаты яна пазнаёмілася з інструктарам і пачала першыя крокі ў турыстычным бізнэсе. Карына набірала людзей у Беларусі, а той вёў іх у горы. Потым была праца ў турфірме, якая займалася арганізацыяй актыўнага адпачынку.

«Тая кантора спэцыялізуецца на сапраўды цяжкіх і выпрабавальных актыўнасьцях. А мне хацелася зрабіць праект для тых людзей, якія ў паход не хадзілі, але даведацца пра Беларусь хочуць».

Так зьявіўся праект «Паход у народ».

Навучыцца пячы хлеб і паслухаць сьпевы птушак

Першы «Паход у народ» адбыўся ў Валожынскім раёне. На адной зь сядзібаў група вучылася пячы бездражджавы хлеб па мясцовым рэцэпце на заквасцы.

«Мы сталі першымі гасьцямі, якія скарысталіся гэтай паслугай», — прыгадвае Карына.

Пасьля тура ўсе зьехалі ня толькі з гатовым хлебам, але і закваскай — каб працягнуць пячы яго ў горадзе. І, паводле Карыны, прыкладна траціна ўдзельнікаў працягвае рабіць гэта і дасюль.

Праз два гады існаваньня «Паход у народ» працуе ў двух кірунках: экалягічным і культурным.

Экалягічны — гэта магчымасьць пазнаёміцца з прыродай Беларусі ў яе розных праявах. Найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца паходы на балоты ў Ельню.

«Тут усё супала: Ельня становіцца ўсё больш папулярнай, там актыўна ствараецца турыстычная інфраструктура», — тлумачыць Карына.

Птушкі ў Расонскім раёне

Апроч Ельні, беларусы ахвотна выпраўляюцца на водныя сплавы. Асабліва цікавіць рака Случ на Меншчыне зь ейнымі ўнікальнымі пойменнымі дубровамі. Езьдзяць у туры і на роварах — напрыклад, у навакольлі Белай царквы ў Новалукомскім раёне. Цікава паглядзець на жывёлаў і птушак у Расонскім раёне.

Культурніцкія туры дапамагаюць лепей даведацца пра беларускія традыцыі. Карына кажа, што стараецца знайсьці такія рэчы, якімі людзі будуць карыстацца.

Апроч хлеба, праводзяцца майстар-клясы ў прыгатаваньні прыроднай касмэтыкі, якія вядзе прафэсійны біёляг. Неўзабаве стартуе і вандроўка да шапавалаў у Дрыбін.

«У шапавалаў нават існуе ўласная тайная мова — „катрушніцкі лемезень“. Гісторыя яе таксама цікавая: яна была прыдуманая, каб захаваць таямніцы рамяства».

Самае складанае — прыдумаць клясную ідэю і знайсьці спосабы яе рэалізаваць, прызнаецца суразмоўца. Адзін з падмуркаў, які дапамагае захоўваць якасьць тураў — супрацоўніцтва зь мясцовымі гідамі.

«Яны могуць быць ня вельмі прафэсійнымі экскурсаводамі, але гэтыя людзі могуць расказаць, як яны там жывуць. І рэальныя гісторыі заўсёды значна цікавейшыя за прачытаныя ў кнізе ці сеціве».

Знайсьці такіх людзей няпроста, выратоўвае «сарафаннае радыё». Часам знаёмствы адбываюцца на імпрэзах. Напрыклад, на фэстывалі SPRAVA ў Белай Царкве на Віцебшчыне Карына пазнаёмілася зь мясцовым арнітолягам Віталём Кашчэевым.

«Ён мясцовы жыхар, з Новалукомлю. Цудоўна ведае птушак, у яго выдатнае пачуцьцё гумару. Мы зрабілі маршрут, праехалі, пазначылі пункты і цяпер супрацоўнічаем. Даяжджаем на машыне да Новалукомля, а потым перасаджваемся на ровары і едзем 2 дні 70 кілямэтраў. Гэта нармальна нават для тых, хто ўпершыню выбраўся ў роварны паход».

«Самай маленькай удзельніцы паходу быў год і тры месяцы»

У «Паход у народ» ходзяць людзі, якія паезьдзілі па сьвеце. Але пры гэтым яны мала што бачылі ў Беларусі.

«Яны хочуць даведацца болей, зразумець, і неяк інтуітыўна спрабуюць знайсьці брэнд краіны, адчуваньне, што такое Беларусь. Таму ім цікава паглядзець на іншых людзей, пазнаёміцца, убачыць, што ўвогуле ў Беларусі ёсьць», — кажа Карына Сітнік.

Цікавяцца Беларусьсю людзі розных узростаў: самаму даросламу было 60 гадоў, самая маленькая ўдзельніца паходу мела год і тры месяцы.

Езьдзяць у туры і іншаземцы. Іх цікавіць Ельня, сплавы па рэках, прыродная касмэтыка. Пакуль што Карына ладзіла туры для гасьцей зь Нямеччыны, ЗША, Італіі, Вугоршчыны, Вялікай Брытаніі.

«Падаткі ў Беларусі на ўзроўні эўрапейскіх»

Штат праекту «Паход у народ» — гэта адна Карына. Яна займаецца ўсім: ад стварэньня ідэі да тэставаньня маршруту. Бухгальтэрыя вядзецца на аўтсорсінгу.

«Але лічу, што нейкая каманда ўсё-ткі ёсьць: я кажу пра гідаў, уладальнікаў сядзібаў, перавозчыкаў. Я спрабую распрацаваць сетку станоўчых кантактаў, каб была згуртаваная банда, якая мае давер і павагу адно да аднаго. Я стараюся супрацоўнічаць зь людзьмі, бо адсутнасьць даверу і супрацоўніцтва мне бачыцца вялікай праблемай Беларусі».

Турыстычны бізнэс у Беларусі сэзонны, з траўня па верасень. Увесь астатні час — некалькі вандровак на месяц, каб трымацца ў інфармацыйнай прасторы. Напрыклад, на гэты Новы год Карына павязе групу ў Расонскі раён — глядзець на мясцовых жывёлаў і кальцаваць птушак.

«Паход у народ» зарэгістраваны як прыватнае турыстычнае ўнітарнае прадпрыемства — гэта юрыдычная форма, у якой можна займацца турапэратарскай дзейнасьцю. Карына кажа, што аформіць бізнэс зусім ня цяжка. Цяжка зрабіць так, каб ён стаў пасьпяховым.

«У Беларусі вельмі вялікія падаткі, яны на ўзроўні эўрапейскіх. Напрыклад, падатак з заробку складае 48% з улікам ФСАН. Але ў нас зусім не эўрапейскі прыбытак. Фармальна ФСАН выведзены са сьпісу падаткаў, і дзяржава кажа, што яны ў нас невысокія. Гэта няпраўда. Трэба зьніжаць падатковую нагрузку — гэта будзе стымуляваць бізнэс разьвівацца хутчэй і больш пасьпяхова».

Карына лічыць, што для разьвіцьця ўнутранага і ўязнога турызму ці наогул для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў патрэбны падатковыя канікулы, каб мець магчымасьць набрацца моцы і ў будучыні даваць значна большую і сталую аддачу ад сваёй дзейнасьці.

«Калі займаесься цікавай справай, ехаць з краіны ня хочацца»

«Мне хочацца тут жыць цікава, таму я гэтым займаюся. Пасьля Фінляндыі было жаданьне зрабіць так, каб не хацелася зьяжджаць адсюль. Я ведаю, што ў Беларусі ёсьць недахопы. Але калі ты займаесься сваёй справай, якая прыносіць асалоду, цікавыя знаёмствы і кантакты, ехаць адсюль хочацца значна менш. Я ня ведаю нічога лепшага за сваю краіну. Я размаўляю па-беларуску. Ведаю людзей, мэнталітэт, структуру мысьленьня. Гэта робіць бізнэс тут прасьцейшым для мяне, чым, напрыклад, для іншаземца».

Карына кажа, што часта сутыкаецца з дыскрымінацыяй паводле ўзросту.

«Я маладая, але выглядаю яшчэ маладзейшай, чым ёсьць. Бываюць такія партнэры, асабліва старэйшыя, якія пераходзяць на „ты“, а мне чамусьці гэтага не прапаноўваюць. Атрымліваецца незразумелая герархія. Могуць сказаць: „Вот девочка тут приехала...“ Але калі ў вас працоўныя дачыненьні, то мусіць быць павага», — лічыць дзяўчына.

Пакуль што «Паход у народ» не прыносіць шмат грошай.

«Калі ісьці ў турызм толькі з мэтай зарабіць грошы, то лепей займацца не ўнутраным, а выязным турызмам. А вандроўкі па Беларусі... Залежыць ад колькасьці. Ёсьць сэзон, а ёсьць астатнія сем месяцаў, калі даход амаль нулявы. Калі падлічыць сярэдняе, то нічога яскравага не выходзіць. Але год за годам, мяркую, сытуацыя будзе паляпшацца».

Папрацаваўшы на сябе, дзяўчына пераканалася, што больш ня хоча працаваць на іншых.

«Ты самастойна прымаеш рашэньні: дзе і з кім працаваць, што рабіць і як. Можа быць любы графік працы. Няма ніякіх абмежаваньняў. Але самае важнае — адчуваньне свабоды», — кажа Карына Сітнік.