Яраслаў Шымаў, Радио Свобода
«Я бачыў аднаго з нашых афіцэраў, які, увайшоўшы ў нейкі дом, параіў дзяўчыне, якая жыла там, перарэзаць сабе горла, пакуль да яе не дабраліся яго салдаты. Тая ў сьлязах падзякавала яму і паслухалася ягонай парады, скарыстаўшыся працягнутай афіцэрам брытвай. Бесьперапынны кашмар у горадзе працягваўся тры дні і тры ночы».
Урга (цяпер Улан-Батар), сталіца Манголіі, 4 лютага 1921 году. Азіяцкая дывізія барона Рамана фон Унгерн-Штэрнбэрга, аднаго з самых дзіўных і жорсткіх камандзіраў часоў грамадзянскай вайны ў былой Расейскай імпэрыі, бярэ штурмам Ургу, якую займалі кітайскія войскі, і ненадоўга аднаўляе там уладу Богда-хана. Працытаванае вышэй — урывак з успамінаў аднаго з удзельнікаў баёў. Сам Унгерн неўзабаве патрапіць у палон да бальшавікоў падчас іншага паходу — у Забайкальлі, — і будзе расстраляны. Агмяні грамадзянскай вайны на расейскім Далёкім Усходзе і ў яго ваколіцах будуць раз-пораз успыхваць да 1923 году.
Гэты пажар быў часткай яшчэ большага бедзтва, якое доўжылася як найменей пяць гадоў пасьля заканчэньня Першай сусьветнай вайны, якая паслужыла яго прычынай. Яно ахапіла велізарныя абшары Эўразіі, Усходняй Эўропы і Блізкага Ўсходу, але нават не атрымала ў гісторыкаў якой-небудзь агульнай назвы. Гаворка ідзе аб сукупнасьці «звычайных» і грамадзянскіх войнаў, этнічных чыстак і іншых канфліктаў — у Расеі, Украіне, Прыбалтыцы, Фінляндыі, Вугоршчыне, Польшчы, Нямеччыне, Грэцыі і Турэччыне.
Нямецкі гісторык Робэрт Герварт, які ўзначальвае Цэнтар дасьледаваньняў войнаў пры унівэрсытэце Дубліна, падлічыў, што гэтыя канфлікты — грамадзянскія войны ў Расеі, Фінляндыі і Вугоршчыне, вайна за незалежнасьць трох прыбалтыйскіх краін, савецка-польская, польска-ўкраінская, грэка-турэцкая і іншыя войны — забралі больш за 4 мільёны жыцьцяў. Гэта перавышае сукупныя страты Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША ў Вялікай вайне, як называлі сто гадоў таму Першую сусьветную. Герварт адзначае, што амаль усе гэтыя «войны пасьля вайны» вяліся на тэрыторыі трох імпэрый, што распаліся пасьля паразы ў Першай сусьветнай, — Расейскай, Аўстра-Вугорскай і Асманскай. Таму кнігу, прысьвечаную гэтым напаўзабытым канфліктам, ён назваў «Пераможаныя. Чаму Першая сусьветная вайна не змагла скончыцца» (The Vanquished: Why the First World War Failed to End, 1917-1923). Выйшаўшы два гады таму, яна зрабілася бэстсэлерам і ўжо перакладзеная на восем моваў.
Сусьветная вайна была, па сутнасьці, адна, а трагедыі, перажытыя усходам Эўропы і Расеяй у пэрыяд, зманліва званы міжваенным, праклалі дарогу бальшавізму і фашызму і зрабілі магчымым працяг глябальнага канфлікту, сьцьвярджае гісторык. І дадае: сёньняшні сьвет многімі рысамі нагадвае мяжу 1920-30-х гадоў, калі пачалося спаўзаньне ад кароткага міжваеннага дабрабыту да новай катастрофы.
Роберт Герварт адказаў на пытаньні Радыё Свабода.
— Яшчэ ў канцы 1917 году, за год да заканчэньня Вялікай вайны, многім — у тым ліку фактычнаму нямецкаму галоўнакамандуючаму Эрыху Людэндорфу, якога вы цытуеце ў сваёй кнізе, — здавалася, што ў Цэнтральных дзяржаваў ёсьць нядрэнныя шанцы на перамогу. Гэта была ілюзія ці сапраўды ўсё вырашыў апошні год вайны і тыя памылкі, якія былі зробленыя ў 1918-м Нямеччынай і яе саюзьнікамі?
— Так, асабліва пасьля заключэньня Берасьцейскага міру з Расіяй у сакавіку 1918 году быў пэрыяд, калі ў Цэнтральных дзяржавах панаваў аптымізм адносна зыходу вайны. Але Людэндорф разумеў таксама, што вайну трэба выйграць да таго, як у Эўропу ў вялікай колькасьці прыбудуць амэрыканскія войскі. Так што вясновы наступ немцаў на Заходнім фронце, які ён сплянаваў, з яго гледзішча, быў непазьбежнасьцю: Нямеччына сьпяшалася нанесьці праціўніку вырашальны ўдар. Але гэта быў рызыкоўны крок. У пазыцыйнай вайне, якой была Першая сусьветная на Заходнім фронце, бок, які атакаваў, рызыкаваў больш, чым бок, які абараняўся. Перш за ўсё таму, што ён падстаўляў сваіх салдат, якія выйшлі з акопаў і бліндажоў, пад магутныя ўдары артылерыі. Так і здарылася: вясной і летам 1918 году ў сваіх адчайных апошніх наступах Нямеччына страціла больш войскаў, чым была здольная кампэнсаваць за кошт навабранцаў і тых салдат, якія перакідваліся з Расеі. Наступ Людэндорфа не прынёс посьпеху, на які разьлічвалі немцы, і стала ясна, што заходнія саюзьнікі выйграюць вайну.
Наступ Людэндорфа не прынёс посьпеху, і стала ясна, што Антанта выйграе вайну
— Чаму Цэнтральным дзяржавам не дапамог нават крах Усходняга фронту ў выніку рэвалюцыі ў Расеі? Там не аказалася тых велізарных рэсурсаў, на якія разьлічвалі Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына, падпісваючы мір з бальшавікамі ў Берасьці?
— Патэнцыйна рэсурсы, якія трапілі ў распараджэньне Цэнтральных дзяржаваў, былі вельмі значныя. Асабліва разьлічвалі на ўкраінскае збожжа. Але часу было мала — уключаючы той, які патрабаваўся на перакідку войскаў з усходу на захад. Бо было ўсё больш відавочна, што па ўсёй Эўропе людзі стаміліся ад вайны. Ва ўсіх ваюючых краінах расьлі рэвалюцыйныя настроі. Ленін, падпісваючы Берасьцейскі мір, разьлічваў менавіта на тое, што ў Нямеччыне хутка ўспыхне рэвалюцыя. Так што ў канчатковым выніку адзінае, што прынёс крах расейскага фронту Нямеччыне, — гэта тое, што на нейкі час на Заходнім фронце яе сілы колькасна зраўняліся зь сіламі Брытаніі і Францыі і нават трохі іх перавысілі. Людэндорф зрабіў на гэта стаўку — і прайграў.
— Пасьпяховай камуністычнай рэвалюцыі ў Нямеччыне, урэшце, не здарылася — хоць спроба была зробленая, гэтак жа як і ў Фінляндыі, і ў Вугоршчыне. Чаму ж левыя радыкалы перамаглі толькі ў Расеі?
— Перш за ўсё таму, што ў іншых краінах памяркоўныя левыя здолелі забясьпечыць сабе большую падтрымку, чым радыкалы. Гэта вытлумачальна: там яшчэ да Першай сусьветнай правы рабочых былі абароненыя куды лепш, чым у Расеі, так што існавала менш прычын для радыкалізацыі. Многія эўрапейскія сацыял-дэмакраты баяліся, што рэвалюцыя на ўзор бальшавіцкай, калі яна адбудзецца, пацярпіць паразу, і надыдзе рэзкі паварот направа, у выніку чаго ўжо здабытыя сацыяльныя заваёвы будуць страчаныяі. У Расеі ж усё было куды больш драматычна і бескампрамісна.
Your browser doesn’t support HTML5
— А чаму пераможцы Вялікай вайны, заходнія дзяржавы, не дапамаглі супернікам бальшавікоў здабыць перамогу ў грамадзянскай вайне ў Расеі — як гэта было зроблена, напрыклад, у Вугоршчыне? Яны не ўсьведамлялі небясьпеку бальшавіцкай дыктатуры для ўсёй Эўропы?
— Дзеля справядлівасьці — у Архангельску, Адэсе, на Далёкім Усходзе адносна невялікія замежныя вайсковыя кантынгенты былі. Але ў цэлым саюзьнікі сапраўды абмяжоўваліся пастаўкамі супернікам бальшавікоў зброі і рыштунку. Жаданьня накіраваць у Расею значную колькасьць войскаў у заходніх палітыкаў не было. Зь іншага боку, ня так проста было зразумець, а каму дапамагаць? Белы рух быў раздробнены і геаграфічна, і палітычна: ад эсэраў, пераможцаў на выбарах ва Ўстаноўчы сход, да манархічна настроенай часткі былых царскіх афіцэраў і генэралаў. У дадатак тая матэрыяльная дапамога, якую белыя атрымлівалі ад саюзьнікаў, выкарыстоўвалася не найлепшым чынам — вядома мноства выпадкаў крадзяжу або перапродажу таго, што паступала з Захаду ў занятыя антыбальшавіцкімі сіламі рэгіёны Расеі.
— Але нават калі ня браць толькі Расею і грамадзянскую вайну, у цэлым палітыка заходніх дзяржаваў у дачыненьні да ўсходу Эўропы ў міжваенны пэрыяд выглядае вельмі дыстанцыяванай і, можна сказаць, нядбайнай. У 1930-я гады, пасьля прыходу да ўлады нацыстаў у Нямеччыне гэта Захаду адгукнулася. У чым там была справа?
— Калі браць першы час пасьля заканчэньня Вялікай вайны — то ў тым, што ў заходніх саюзьнікаў у тых краях проста не было колькі-небудзь істотных войскаў. Менавіта таму адразу ж, у канцы 1918 году Антанта папрасіла ўчорашняга ворага, Нямеччыну, на выводзіць нейкі час усе свае падразьдзяленьні з усходу Эўропы, перш за ўсё з Балтыйскага рэгіёну. Больш за тое, тысячы салдат і афіцэраў зь Нямеччыны ехалі ў балтыйскія краіны ваяваць з бальшавікамі ў складзе так званых фрайкораў — добраахвотніцкіх атрадаў.
Пазьней, ужо пасьля Парыскай мірнай канфэрэнцыі, Брытанія і Францыя вельмі па-рознаму ставіліся да розных краінаў рэгіёну. Палітычная падтрымка аказвалася найперш Польшчы і Чэхаславаччыне. Але гэтая падтрымка была хутчэй на ўзроўні словаў, чым справаў. Дапамагаць войскамі — скажам, падчас польска-савецкай вайны 1920 году — Лёндан і Парыж не сьпяшаліся. Трэба разумець, наколькі моцная была на Захадзе стомленасьць ад чатырох гадоў вайны і нежаданьне паўтараць што-небудзь падобнае. Калі ў канцы 1918 году амэрыканскі генэрал Пэршынг выказаў меркаваньне, што лепш было б акупаваць пераможаную Нямеччыну, ён не знайшоў разуменьня ў эўрапейскіх саюзьнікаў, якія хацелі як мага хутчэй скончыць вайну. Гэта падобна на стаўленьне да грамадзянскай вайны ў Расеі, дзе Захаду таксама не хацелася глыбока ўцягвацца ў канфлікт.
Захаду не хацелася глыбока ўцягвацца ў канфлікт
— Вэрсальскую сыстэму міжнародных дачыненьняў, створаную па выніках Першай сусьветнай вайны, многія гісторыкі лічаць галоўнай прычынай Другой сусьветнай — з прычыны ўзьніклых у яе выніку дысбалянсаў і несправядлівасьці. Вы прытрымліваецеся таго пункту гледжаньня, што сусьветная вайна была дэ-факта адна, проста зь невялікім адносна мірным перапынкам. Такім чынам, другая частка катастрофы была непазьбежная?
— Мірныя дамовы, падпісаныя па выніках Парыскай канфэрэнцыі, мелі масу недахопаў. Вядома, гэта дрэнная ідэя — заключыць пагадненьне аб міры без удзелу хоць у нейкай ступені пераможанага боку. Бо ж Нямеччыне, Аўстрыі, Вугоршчыне, Баўгарыі і Турэччыне, як вядома, умовы міру былі прадыктаваныя. Зь іншага боку, карта Эўропы, перш за ўсё Ўсходняй, была ўжо стыхійна пераробленая да таго моманту, калі саюзьнікі сабраліся, каб абмеркаваць яе далейшае ўпарадкаваньне.
Многія рашэньні прымаліся на месцах: той, у каго было больш войскаў і рашучасьці вызначыць, дзе ад гэтага часу будзе праходзіць мяжа, браў верх. Так адбывалася ў Фінляндыі, Балтыцы, Сілезіі, Галіцыі, Трансыльваніі і многіх іншых рэгіёнах былых імпэрый. У выніку атрымлівалася, што цэлыя этнасы проста мяняліся месцамі. Тыя народы, якія былі незадаволеныя ўладкаваньнем ранейшых імпэрый, станавіліся дамінуючымі нацыямі ў новых дзяржавах. А прадстаўнікі былых пануючых нацый — дапусьцім, немцы ў Чэхіі ці вугорцы ў Трансыльваніі — наадварот, аказваліся ў ролі этнічных меншасьцяў. І, у сваю чаргу, адчувалі сябе ўціснутымі.
Так што ў міжваеннай Эўропе было вельмі шмат ўзаемнага раздражненьня. І яно зрабілася яшчэ мацнейшым у выніку Вялікай дэпрэсіі, якая пачалася ў 1929 годзе. Менавіта тады дэмакратыі, якія ўзьніклі ў 1918 годзе, пачынаюць саступаць месца розным аўтарытарным рэжымам. Выключэньняў, якія пратрымаліся да канца 30-х гадоў, было ўсяго два — Чэхаславаччына і Фінляндыя. Дыктатуры, правыя або левыя, пачалі здавацца людзям, якія пацярпелі ад крызісу, больш прывабнымі, чым дэмакратыя.
— Дык калі ўсё ж вырашыўся далейшы лёс Эўропы — у 1929-м ці раней? Ці можна сказаць, што без паразы спачатку Расеі, а потым Нямеччыны ў Першай сусьветнай вайне не было б ні бальшавізму, ні нацызму?
— Так, я думаю, што бязь Першай сусьветнай ні фашызм, ні бальшавізм ня сталі б рэальнасьцю. Калі паглядзець на імпэрыі, якія ўступілі ў вайну ў 1914 годзе, то нягледзячы на тое, што кожная зь іх мела патрэбу ў сур’ёзных рэформах, усе яны былі куды больш стабільныя, чым прынята лічыць. Першая сусьветная стала каталізатарам розных рэвалюцыйных праектаў, радыкальна левых або ўльтраправых. Яна дазволіла ім паўстаць, таму што структуры ўлады, забесьпячэньня права і парадку, якія існавалі да тых часоў, былі рэзка паслабленыя вайной.
Возьмем расейскіх бальшавікоў і італьянскіх фашыстаў. Адны ўчыняюць пераварот у Петраградзе ў кастрычніку 1917 году, другія — ідуць «паходам на Рым» пяць гадоў пазьней. Гэта актыўныя радыкальныя меншасьці, якія падпарадкоўваюць сабе дзяржаву. І ім гэта ўдаецца лёгка, таму што і ў Расеі, і ў Італіі ў той момант рэвалюцыйная сытуацыя. У Расеі ў лютым 1917-га, пасьля першай, дэмакратычнай рэвалюцыі ўзьнікае рэжым Часовага ўраду — занадта слабы для таго, каб утрымаць краіну пад кантролем. У гэтых умовах досыць рашучасьці такіх схільных да рызыкі рэвалюцыянэраў, як Ленін, каб зрынуць ранейшую ўладу, замяніўшы яе ўласнай дыктатурай.
— Вы адзначаеце ў «Пераможаных», што важнымі рысамі першых гадоў пасьля Вялікай вайны сталі глыбокі раскол грамадзтва ў краінах, што прайгралі, або тых, хто, як Італія, лічыў сябе «пераможаным сярод пераможцаў», — і дэгуманізацыя апанэнтаў. Спрошчана кажучы, раптам стала «ўсё можна». Вам гэта не нагадвае збольшага сёньняшнюю сытуацыю, у тым ліку і на Захадзе, калі падзел на «сваіх» і «чужых» робіцца ўсё больш выразным, а барацьба на зьнішчэньне (хай пакуль не фізычнае) з палітычнымі супернікамі — чымсьці накшталт новага мэйнстрыму?
— Адна паралель цалкам відавочная: як і ў міжваенны пэрыяд, дэмакратыя — гэта сыстэма, якая знаходзіцца пад пагрозай, хоць яшчэ нядаўна яе дамінаваньне здавалася натуральным. Эканамічны крызіс, які пачаўся ў 2008 годзе, ўзмацніў пазыцыі прыхільнікаў аўтарытарызму — ці, дакладней, праціўнікаў статусу-кво, які склаўся ў 1990-я гады. На шчасьце, узроўню гвалту, супастаўнага з часамі стогадовай даўнасьці, пакуль няма. Тое, што адбывалася ў 1917-1923 гадах на ўсходзе Эўропы, зьняло ўсе табу адносна абыходжаньня зь мірным насельніцтвам падчас ваенных канфліктаў. Другая сусьветная стала толькі вяртаньнем да таго, што ўжо было «апрабавана». Такія рэчы цяпер адбываюцца толькі вельмі лякальна — напрыклад, у Сырыі. Баевікоў, якія выходзяць на вуліцы эўрапейскіх гарадоў, каб ўзброенай сілай падтрымаць пэўную палітычную ўтопію, мы пакуль таксама не бачым. Але ніхто ня можа даць гарантыі, што ў будучыні падобнага ня здарыцца. Нейкае трывожнае рэха мінулага даносіцца. Гэта тэндэнцыі, характэрныя для 1920-х — пачатку 1930-х гадоў. Прывабнасьць аўтарытарных рашэньняў і адпаведных палітычных сыстэмаў у вачах значнай часткі грамадзтва моцна ўзрасла.
Дэмакратыя — гэта сыстэма, якая знаходзіцца пад пагрозай
— Наколькі вялікая верагоднасьць таго, што магчымыя новыя ўзрушэньні, як і ў 1917 годзе, пачнуцца ў Расеі?
— Сытуацыя патэнцыйна небясьпечная. Мы можам назіраць цэлы шэраг лякальных канфліктаў, многія зь іх — па суседзтве або з удзелам Расеі: усход Украіны, Грузія, Сырыя... Сьвет часоў халоднай вайны выглядаў больш стабільным у тым сэнсе, што тады існавала небясьпека ўзаемнага ядзернага зьнішчэньня, але было менш непрадказальнасьці, магчымасьці таго, што нейкае выключна лякальнае здарэньне прывядзе да міжнароднага абвастрэньня. Канфлікты драбняцца, іх становіцца ўсё больш, і ў кожнага зь іх свая ўласная лёгіка. Эрозія дэмакратыі, пра якую я казаў, — гэта дадатковы фактар нестабільнасьці. Мне здаецца, што мы цяпер знаходзімся на скрыжаваньні, і будучыня можа выявіцца куды больш змрочнай, чым яна ўяўлялася яшчэ некалькі гадоў таму, — кажа нямецкі гісторык Робэрт Герварт, аўтар кнігі «Пераможаныя. Чаму Першая сусьветная вайна не змагла скончыцца».