Беларускі фольк-панк-гурт Dzieciuki прадставіў на Soundcloud песьню «Калі над лугам бусел праляцеў». Як расказаў Свабодзе лідэр гурту Алесь Дзянісаў, гэтая песьня зьявіцца ў трэцім альбоме «Дзецюкоў».
Сам альбом, які будзе звацца «Радыё Гародня», Dzieciuki спадзяюцца прадставіць на пачатку наступнага году: у сьнежні закончыць працу над альбомам не пасьпяваюць, бо «ўсё робяць самі», але плянуюць завершыць зьвядзеньне і мастэрынг у студзені. Працы над альбомам Дзянісаў аддаў сваё лета.
Паводле Алеся Дзянісава, трэці альбом будзе «значна больш разнастайным» за папярэднія два, у ім будзе «спалучэньне сучаснасьці з гісторыяй», паралелі між цяперашнімі падзеямі і гістарычнымі.
«Калі над лугам бусел праляцеў» — песьня на верш сучаснага беларускага паэта Алеся Чобата. Дзянісаў ужо запісваў яе ў межах сольнага праекту «Кароткая гісторыя Беларусі». На новым альбоме «Дзецюкоў», кажа ён, будзе яшчэ адна песьня на верш Чобата, усяго плянуюцца «мінімум тры» лірычныя кампазыцыі.
На «вокладцы» новай вэрсіі песьні ёсьць надпіс «Увага! Нізкі мастацкі ўзровень» — верагодна, гэта адсылка да ранейшай забароны канцэрту Дзянісава з «Кароткай гісторыяй Беларусі». Прычынай забароны імпрэзы менскія ідэолягі назвалі «нізкі мастацкі ўзровень». Выступы гурту ў Беларусі забаранялі і да таго, і пасьля. Але «Дзецюкам» далі выступіць у 2018 годзе на «Сьвяце Незалежнасьці» і фэстывалі «Наш дзень».
Самаго Дзянісава ў лістападзе аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» — рэпосты «УКантакце» са старонак анархістаў, якія Дзянісаў рабіў паўтара года таму. Яму пагражала таксама крымінальная справа нібыта за паклёп, але праз чатыры месяцы праверак і пасьля ператрусу крымінальную справу вырашылі не заводзіць.
Dzieciuki граюць з 2012 году, выдалі на момант публікацыі два альбомы («Гарадзенскі гармідар» і «Рэха»), удзельнічалі ў трыб’юце «Песьняроў» і праекце «(Не)расстраляная паэзія». Частка ўдзельнікаў гурту грала ў праектах Дзянісава «Людзі на балоце» і «Кальян». У 2014 годзе «Тузін гітоў» назваў гурт «Героямі году».