Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп разглядае «значны» вывад амэрыканскіх войскаў з Аўганістану, паведамляюць амэрыканскія СМІ са спасылкай на неназваных чыноўнікаў, якія кажуць, што рашэньне ўжо прынятае.
Інфармацыйнае агенцтва AFP са спасылкай на амэрыканскага чыноўніка заявіла, што ўжо прынятае рашэньне пра «значны» вывад войскаў ЗША з Аўганістану.
CNN паведамляе, што Трамп ужо загадаў вайскоўцам пачаць плянаваць вывад паловы з 14 тысяч вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца ў Аўганістане. Паводле чыноўнікаў, з заявай на гэты конт Трамп можа выступіць у студзені 2019 году падчас звароту да нацыі.
WSJ таксама назваў лічбу каля 7000 вайскоўцаў, у той час як на AFP і Reuters не ўдакладняюць тэрміны, калі войскі будуць выведзеныя, і не даюць дадатковых зьвестак пра колькасьць вайскоўцаў.
Пэнтагон пакуль адмовіўся ад камэнтароў.
19 сьнежня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра рашэньне пачаць вывад амэрыканскіх войскаў з Сырыі. Ён матываваў гэта тым, што перамога над групоўкай «Ісламская дзяржава» ў Сырыі здабытая і што гэта было адзінай прычынай, па якой узброеныя сілы ЗША там знаходзіліся. У Сырыі знаходзяцца больш за дзьве тысячы амэрыканскіх салдат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ паведамілі пра гатоўнасьць ЗША вывесьці войскі з Сырыі