Партыя БНФ зьвярнулася па грашовую дапамогу да вязьняў Плошчы-2010 

Сядзіба БНФ

У сьнежні 2010 году сядзіба БНФ дапамагла сотням арыштаваных на Плошчы — гэта быў цэнтар збору рэчаў і грошай для пацярпелых, цяпер яна сама мае патрэбу ў дапамозе.

З такімі словамі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зьвярнуўся да ўсіх, каму ў свой час палітычная арганізацыя дапамагла.

«Восем гадоў таму тысячы беларусаў выйшлі на Плошчу з патрабаваньнем свабодных выбараў, супраць дыктатуры і за чалавечую годнасьць. Рэжым кінуў супраць мірных дэманстрантаў спэцпадразьдзяленьні міліцыі і ўнутраных войскаў, тысячы людзей былі зьбітыя, сотні затрыманыя, кінутыя за краты на Акрэсьціна і ў вязьніцу КДБ. Пасьля 19 сьнежня сядзіба БНФ на вуліцы Варвашэні стала асноўным цэнтрам збору дапамогі: тут грамадзкія актывісты зьбіралі зьвесткі пра зьняволеных, арганізоўвалі дастаўку перадачаў вязьням, дапамагалі ім і іх сем’ям інфармацыяй і падтрымкай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамагаю тым, каго несправядліва кінулі ў турму»

Рыгор Кастусёў

Як адзначае лідэр Партыі БНФ, у тыя дні было няважна, хто за якога кандыдата галасаваў — салідарнасьць аб’яднала ўсіх. Аднак неўзабаве пасьля гэтага менскія ўлады паведамілі пра скасаваньне дамовы арэнды сядзібы БНФ на вуліцы Варвашэні. Цяпер узьніклі праблемы з аплатай новай сядзібы па вуліцы Чарнышэўскага, 3 у Менску.

«Адрозна ад праўладных арганізацый кшталту „Белай Русі“, БРСМ ці кішэннай кампартыі, мы ня маем ні льготных ставак арэнды, ні мільённых датацый зь бюджэту. Кошт арэнды памяшканьня, дзе месьцяцца шэсьць фронтаўскіх суполак, перавышае 2200 рублёў за месяц. Штогод дзясяткі арганізацый ладзяць у нас прэс-канфэрэнцыі, выставы, зьезды, культурніцкія, моладзевыя, дабрачынныя імпрэзы. У час узмацненьня рэпрэсій сядзіба робіцца адзіным вольным месцам», — зазначае Рыгор Кастусёў.

У БНФ на канец 2018-га ўтварылася запазычанасьць па арэндзе сядзібы ў 14 тысяч рублёў. З гэтай прычыны БНФ можа зноў страціць памяшканьне.