Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей пракамэнтаваў «ультыматум Мядзьведзева», паведамляе Tut.by.
«Я лічу, што, калі спытаць пераважную колькасьць грамадзян нашай краіны, яны адназначна скажуць, што Беларусь павінна заставацца незалежнай і сувэрэннай дзяржавай.
Пра гэты сувэрэнітэт і незалежнасьць мы марылі, думалі на працягу многіх-многіх стагодзьдзяў. У нашай сучаснай гісторыі мы дамагліся гэтага, таму мы павінны і далей працаваць над умацаваньнем нашага сувэрэнітэту, — сказаў Уладзімер Макей пасьля цырымоніі ўзьняцьця сьцяга Міністэрства замежных спраў Беларусі. — Зразумела, што, як кажа прэзыдэнт, гэта дорага каштуе, але мы павінны разумець гэта і мусім зрабіць так, каб кожны рабіў унёсак у гэты працэс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць пагроза, што Расея зламае Лукашэнку», — палітыкі і экспэрты пра ўльтыматум Мядзьведзева- 13 сьнежня расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў згадаў дамову аб так званай Саюзнай дзяржаве, падпісаную Аляксандрам Лукашэнкам і тагачасным прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. Мядзьведзеў казаў пра «больш паглыбленую інтэграцыю» і прапаноўваў увесьці агульную валюту, суд і мытню. Прапанову ўспрынялі як ультыматум.
- 14 сьнежня Аляксандар Лукашэнка адрынуў прапанову ў жорсткіх фармулёўках: «шантажаваць марна», «разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі», «калі нас хочуць падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею — гэтага ня будзе ніколі», «каб не было, што кіраўнік здаў Беларусь за бочку нафты».
- 17 сьнежня прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што тэма магчымага аб’яднаньня Расеі і Беларусі ў адзіную дзяржаву не абмяркоўваецца.