20 сьнежня на супольным паседжаньні палатаў Нацыянальнага сходу з дакладам пра стан эканомікі Беларусі выступіў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка.
Ён заявіў, што наступны год будзе больш складаным і цяжкім, чым 2018-ы.
Паводле чыноўніка, такі прагноз грунтуецца на дзьвюх праблемах. Па-першае, падаткавы манэўр з боку Расеі, па-другое, сусьветны трэнд росту цэнаў на сыравіну і камплектныя часткі.
Ігар Ляшэнка адзначыў, што пытаньне кампэнсацыі для Беларусі з увядзеньнем падатковага манэўру застаецца самым галоўным для ўраду, таму перамовы на гэты конт з расейскім бокам будуць працягнутыя. Пры гэтым ён адзначыў: калі Расея адмовіцца кампэнсаваць страты, цана сырой нафты для Беларусі штогод будзе ўзрастаць на 21,3 даляра за 1 тону і ўрэшце к 2024 году краіна будзе вымушаная перайсьці на сусьветныя цэны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У праекце бюджэту Беларусі на 2019 год улічылі падатковы манэўр Расеі: мінус 600 мільёнаў рублёўЗгодна з разьлікамі беларускіх урадоўцаў, па выніках 2019 году ад падатковага манэўру бюджэт недалічыцца прыблізна 300 мільёнаў даляраў, а страты двух нафтаперапрацоўчых заводаў у Наваполацку і Мазыры складуць 240 мільёнаў даляраў.
Ігар Ляшэнка зрабіў прагноз цаны на бэнзін у Беларусі ў 2019 годзе. Паводле яго, калі цана барэля нафты не перавысіць 60 даляраў, рост цэнаў для спажыўцоў складзе 5-7%.