Кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Украіны анансаваў новы паход караблёў у Азоўскае мора

Аляксандр Турчынаў

Украіна рыхтуе новы паход ваенных караблёў праз Керчанскую пратоку ў Азоўскае мора. Пра гэта ў інтэрвію BBC заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны краіны Аляксандр Турчынаў. Папярэдні такая спроба скончылася памежным канфліктам і захопам трох украінскіх караблёў Расеяй.

«Гэта для нас прынцыпова. Калі мы спынімся і адступім, то Расея фактычна выканае сваю задачу па захопу Азоўскага мора», — заявіў палітык у адказ на пытаньне аб новых спробах украінскіх вайскоўцаў прайсьці праз Керчанскую пратоку.

Турчынаў не назваў тэрміны новай спробы праходу ваенных караблёў праз Керчанскую пратоку. Ён адзначыў, што ўлады Ўкраіны запрасілі ва ўкраінскія парты ў Азоўскім моры караблі NATO, аднак альянс пакуль не адказаў на запрашэньне. Турчынаў спадзяецца, што прадстаўнікі альянсу будуць прысутнічаць на ўкраінскіх караблях у якасьці назіральнікаў падчас наступнага паходу.

Турчынаў адзначыў, што ўкраінскі бок будзе запрашаць прадстаўнікоў АБСЭ і іншых міжнародных арганізацый, «каб яны прысутнічалі на нашых караблях, для таго, каб даказаць усяму сьвету, што Ўкраіна і яе матросы не парушаюць ніякіх законаў і міжнародных правілаў».

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча

  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.