Акадэмія пэдыятрыі ЗША заклікала бацькоў аддаваць перавагу простым традыцыйным цацкам перад лічбавымі. Пра гэта піша газэта The New York Times.
Зьмест заявы
Аўтар артыкулу, доктар мэдыцыны Пэры Клас тлумачыць, што Амэрыканская акадэмія пэдыятрыі раіць бацькам малых дзяцей аддаваць перавагу высакаякасным традыцыйным цацкам таму, што яны даюць дзецям прастору для фантазіі і вынаходлівасьці. А гэта, у сваю чаргу, разьвівае дзяцей і паляпшае іх пазнавальныя здольнасьці.
Яшчэ адзін аспэкт, на якім акцэнтуюць увагу амэрыканскія пэдыятры, гэта гульнявы зьмест цацак. Інакш кажучы, традыцыйныя цацкі павінны быць такімі, каб бацькі і дзеці маглі ў іх (ці зь імі) гуляцца разам.
Адна з аўтараў заявы Акадэміі пэдыятрыі, прафэсар мэдыцыны Алія Гілі патлумачыла для The New York Times, што галоўнай мэтай для бацькоў павінны быць дачыненьні з уласным дзіцем, кантакт зь ім падчас гульні.
«Чым менш складаная цацка, — сказала прафэсар Гілі, — тым больш яна дае магчымасьцяў для творчай гульні. І наадварот, чым больш складаная цацка — тым меншага ўдзелу дзіцяці яна патрабуе».
Не адмаўляцца ад кніг
Доктар Пэры Клас піша, што, як бацька, цудоўна разумее, што і ў наш лічбавы час дзеці маюць патрэбу ў маніпуляцыйных цацках, канструктарах, галаваломках. Дзецям патрэбная магчымасьць трэніраваць рукі і мозг, ім патрэбны рэквізыт для фантазіі і ўзаемадзеяньня.
Таксама дзецям патрэбныя кнігі, іх трэба зноў і зноў чытаць разам і ўголас — гэта будзе прастора і нагода для прыдумваньня свайго сьвету, сваіх гісторый, пагружэньня ва ўяўныя падзеі і перажываньня іх.
Не купляцца на рэкляму
Пры гэтым Амэрыканская акадэмія пэдыятрыі падкрэсьлівае, што цацкі не павінны быць дарагімі — тым большы прасторы для фантазіі яны дадуць.
Доктар Клас у гэтай сувязі кажа, што для ўсіх нас у дзяцінстве найлепшымі цацкамі былі старыя шафы, запоўненыя гаспадарчымі рэчамі, кардонныя каробкі і т. д.
The New York Times прыводзіць думку і яшчэ аднаго аўтара заявы Амэрыканскай акадэміі пэдыятрыі, прафэсара мэдыцыны зь Нью-Ёрку Алана Мэндэльсана. Прафэсар кажа, што ў наш час бацькі знаходзяцца пад націскам паведамленьняў пра тое, што шматлікія гаджэты — кампутары, пляншэты, ноўтбукі і мабільныя тэлефоны дапамагаюць у іх дзяцям разьвівацца.
Найважнейшае — асабісты кантакт
У сапраўднасьці, кажа прафэсар Мэндэльсан, экраны і гаджэты адцягваюць дзяцей ад кантакту з бацькамі і перашкаджаюць ім гуляць разам. А якраз сумесная гульня, кажа ён, важнейшая за ўсё іншае. Сумесная гульня, сумеснае чытаньне кніг дапамагае выбудоўваць адносіны і дапаможа ў позьнім дзяцінстве і юнацтве ня страціць кантакт зь дзецьмі.
Вядома, кажа прафэсар Мэндэльсан, дзеці растуць, іх запатрабаваньні таксама мяняюцца і нельга абысьціся бяз гаджэтаў зусім. Але прафэсар усё ж заклікае бацькоў знаходзіць балянс паміж складнымі і простымі цацкамі, якія даюць прастору і нагоду быць разам.
Падсумоўваючы артыкул, доктар Пэры Клас кажа, што вельмі добра, калі дзеці з дапамогай цацачнай печы гуляюцца ў выпечку хлеба ці пякуць бліны на плястыкавай патэльні. Але яшчэ лепш, калі яны будуць браць рэальны ўдзел у прыгатаваньні рэальнай ежы са сваімі дзядамі ці бацькамі.