Каталіцкі касьцёл выказаўся пра закон «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту»

Хатні гвалт, ілюстрацыйнае фота

Хатні гвалт, ілюстрацыйнае фота

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў, што касьцёл ня супраць такога закону, але супраць паняткаў «гендэр» і «эканамічны гвалт».

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра закон аб хатнім гвалце на прэс-канфэрэнцыі 19 сьнежня, перадае БелаПАН.

Ён заявіў, што касьцёл ня супраць такога закону, але дзяржаве варта яго распрацоўваць пры ўдзеле прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай царквы.

«Мы прызнаём, што больш за ўсё пакутуюць жанчыны і дзеці, мы гэта прызнаём, мы супраць гвалту, але мы хочам супрацоўніцтва», — заявіў Кандрусевіч.

Паводле яго, у законе, які распрацавала МУС і які пасьля быў адхілены Лукашэнкам, «усё зьмяшалі разам».

Тадэвуш Кандрусевіч не пагадзіўся з двума пунктамі закону: «эканамічны гвалт» і «гендэр». Першы пункт, на думку Кандрусевіча, незразумелы, а другі — «новая ідэалягічная калянізацыя».

Арцыбіскуп сказаў, што накіраваў на адрас Аляксандра Лукашэнкі і ў МУС лісты з крытыкай закону.

Законапраект «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту» сьпярша быў распрацаваны ў МУС пры ўдзеле экспэртаў і вынесены на грамадзкае абмеркаваньне сёлета ў ліпені. Але калі Аляксандар Лукашэнка яго скрытыкаваў, сілавікі адмовіліся ад такога закону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без закону аб хатнім гвалце. «Сын закрычаў: „Зараз буду ўсіх забіваць!“» — споведзь ахвяры

Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Закон адклікалі з прычыны «высокага грамадзкага рэзанансу і меркаваньня рэлігійных арганізацый».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту»