Сьледчы камітэт не прыняў матэрыялы аб пашкоджаньні мэмарыяльнага знаку ў Курапатах.
Як паведамілі Свабодзе ў аддзеле Сьледчага камітэту Менскага раёну, матэрыялы пра пашкоджаньне мэмарыяльнага знаку ў Курапатах не прынятыя і вернутыя ў орган дазнаньня для дадатковай праверкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу аб пашкоджаньні мэмарыяльнага знаку ў Курапатах перадалі ў Сьледчы камітэт«Для дасьледаваньня шэрагу пытаньняў, якія ёсьць прынцыповымі ці галоўнымі падчас вырашэньня пытаньня аб завядзеньні крымінальнай справы», — паведаміў супрацоўнік СК.
На памятным знаку ў Курапатах, пастаўленым на замову Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, невядомыя надрапалі зоркі Давіда. Пра гэта стала вядома 18 верасьня. Пазьней у Курапаты для праверкі выехаў нарад міліцыі з Бараўлянаў.
Мэмарыяльны знак «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя» ўстанавілі сёлета ў лістападзе. 14 лістапада прайшла працэдура прыёмкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя пашкодзілі дзяржаўны помнік у Курапатах. ФОТАЯк будуць рамантаваць
Скульптар Сяргей Аганаў паведаміў Свабодзе, што плян рамонтных работ ужо абмяркоўваецца, магчымыя два варыянты.
«Праца будзе немалая. Вось зараз быў у скульптурным камбінаце і мы абмяркоўвалі, як гэта будзем рабіць. Праблема ў тым, што драпіны дастаткова глыбокія, таму проста пафарбаваць, магчыма, будзе недастаткова. Давядзецца зашліфоўваць пашкоджаныя месцы, а потым зноў наносіць адмысловы састаў, якім пакрыты ўвесь помнік.
Але складанасьць у тым, што цяпер зіма, мінусавая тэмпэратуры, а для нанясеньня саставу патрэбен плюс, бо ён мусіць высыхаць. Таму, магчыма, давядзецца рабіць вакол знаку парнік, каб там былі ўмовы для высыханьня, завозіць туды цеплавую гармату і працаваць. Добры кавалак працы. Таму спачатку ўсё ж паспрабуем абысьціся мінімальнымі работамі, зафарбоўкай, але калі не атрымаецца, тады вось так», — сказаў Свабодзе Сяргей Аганаў.
Дата адкрыцьця мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, паводле Аганава, яшчэ невядомая.