19 сьнежня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім і апошнім чытаньні бюджэтны пакет на 2019 год.
За новую рэдакцыю Падатковага кодэксу дэпутаты прагаласавалі аднагалосна. А падчас галасаваньня аб праекце бюджэту супраць выступіла Ганна Канапацкая. Яна патлумачыла гэта адным красамоўным прыкладам: калі ва ўсім сьвеце фінансаваньне спартовых падзей дзеліцца ў рознай прапорцыі паміж спонсарамі, то Эўрапейскія гульні 2019 году ў Менску цалкам кладуцца на плечы беларускай дзяржавы.
Ацэньваючы новы праект бюджэту і новую рэдакцыю Падатковага кодэксу, дэпутат Валер Барадзеня сказаў Свабодзе, што падчас падрыхтоўкі была створаная кансультацыйная рада, у якую ўвайшлі 60 чалавек.
«Дэбаты падчас паседжаньня рады былі вельмі гарачыя, але ўрэшце ў Падатковы кодэкс унесены істотныя зьмены — напрыклад, выключэньне артыкулу пра адказнасьць за так званае лжэпрадпрымальніцтва. Такога паняцьця больш ня будзе», — адзначыў дэпутат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсоўцы перамаглі. Спыняецца дзеяньне ўказу аб ілжэпрадпрымальніцтвеВалер Барадзеня таксама сказаў, што група, якая працавала над Падатковым кодэксам, не распускаецца, яна працягне працаваць, гэта будзе сталы дыялёг паміж уладамі і бізнэсам.
«Тое, што мы рабілі, не назавеш падатковай рэвалюцыяй, аднак гэты першы крок у кірунку да істотнай зьмены падатковага заканадаўства. Таму пасьля тых жа самых дэбатаў, пасьля вывучэньня розных думак будзем рабіць наступныя крокі. І гэта будзе ўжо ў 2019 годзе», — падсумаваў Валер Барадзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У бюджэце-2019 прадугледжаны рост грошай на культуру, але яго «зьядуць» Эўрапейскія гульні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая пра тэрміновае абмеркаваньне бюджэту-2019: Дэпутатам паведамілі за пару гадзін да пачатку