Кожны вырашае сам, наколькі ён стары

Пра гэта ў газэце The New York Times піша яе сталы аўтар Стывэн Пэтраў.

Як мы ацэньваем свой узрост

Нядаўна Пэтраў спытаўся ў 69-гадовага бізнэсмэна, ці адчувае ён сябе старым. Адказ быў такі: «Я адчуваю сябе падлеткам». А за некалькі дзён да гэтага 68 гадовая паэтэса, пасьля пералому і апэрацыі, сказала Пэтраву, што адчувае сябе бабулькай.

Нешта прымушае людзей аднолькавага ўзросту лічыць сябе ў адным выпадку маладым, а ў іншым — старым.

Гэтае пытаньне асабліва актуальнае для пакаленьня так званых бэбі-бумэраў, якім цяпер 50-плюс. У ЗША, напрыклад, такіх людзей 70 мільёнаў.

Зьмена парадыгмы

Пэтраў пагутарыў з доктарам Сяргеем Шчэрбавым, вядучым навуковым супрацоўнікам шматгадовага дасьледаваньня праблем старэньня ў ЗША. Той кажа, што сапраўды цяпер успрыманьне ўзросту мяняецца, працягласьць жыцьця павялічваецца і хтосьці ў 60 гадоў можа не без падстаў лічыць сябе чалавекам сярэдняга ўзросту.

На пытаньне, калі у наш час пачынаецца старасьць, Шчэрбаў адказаў, што ў ЗША для мужчын гэта 70-71 год, для жанчын — 73-74 гады. Але доктар кажа, што праўдзівы ўзрост — гэта ня толькі лічба, колькі гадоў вы пражылі, але і ваш рэальны біялягічны ўзрост.

Новы крытэр старасьці

У праекце, у якім удзельнічае доктар Шчэрбаў, улічваюцца такія фактары, як працягласьць жыцьця, асабістае здароўе, кагнітыўныя функцыі і інваліднасьць. Вынікі паказваюць, што сёньняшнія 65-гадовыя больш блізкія да 55-гадовых 45 гадоў таму.

Агулам жа, паводле доктара Шчэрбава, галоўны крытэр старасьці ў наш час — гэта страта чалавекам незалежнасьці і мабільнасьці.

Пагарда да старых пагаршае іх здароўе

У 2015 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя правяла глябальнае апытаньне пра стаўленьне да старых людзей. Было апытана 83 000 чалавек у 57 краінах сьвету — ад самых бедных да такіх заможных, як ЗША. Амаль дзьве траціны выказалі пагардлівае стаўленьне да старых людзей.

Лекары сёньня лічаць, што менавіта адмоўнае, пагардлівае стаўленьне да старых людзей найбольш адмоўна ўплывае на іх фізычнае і псыхічнае здароўе.

Джон Бэрд, дырэктар праграмы праблем старэньня і жыцьцёвага цыклу Сусьветнай Арганізацыі аховы здароўя, камэнтуючы вынікі згаданага апытаньня, напісаў, што як сэксізм і расізм, так і дрэннае стаўленьне да старых людзей (так званы эйджызм) можа і павінна быць пераадолена.

«Прыйшоў час, — кажа Бэрд, — перастаць дзяліць людзей паводле іх узросту».