«Бо люблю». Навошта сямʼя гарадзенцаў трымае непрыбытковую краму беларускага хэндмэйду

Сямʼя Фядотавых-Вановічаў

Гарадзенцы Віталь і Даша адкрылі краму густоўных рамесных вырабаў, дзе прадаўцы адгаворваюць кліентаў набываць тавар. Крама не прыносіць шмат прыбытку, але дазваляе наведнікам убачыць, якім прыгожым бывае «сваё». Як гэта — быць неабыякавай беларускамоўнай шматдзетнай сямʼёй, Фядотавы-Вановічы распавядаюць Свабодзе.

«Браў жонку зморам»

Іх у сямʼі пяцёра. Віталь крыху сарамлівы, гаворыць ціха, але ўпэўнена. Даша любіць упрыгожваньні і сьпявае традыцыйныя вясковыя песьні. Яна старэйшая за мужа на шэсьць гадоў, ёй 36. Дзеці — сурʼёзны падлетак Захар, гарэзьлівая лапатуха Ружана і патрабавальная Міласлава. Малодшая нарадзілася тры месяцы таму.

Нягледзячы на клопаты зь немаўлём, гаспадары без ваганьняў запрашаюць дахаты на пірог.

На пытаньне, ці доўга рыхтуюцца да гасьцей, Віталь жартуе: залежыць ад таго, як даўно былі мінулыя госьці. Даша прызнаецца, што рыхтавацца трэба: дзетак шмат, а часу на прыбіраньне — ня надта.

Як сустрэліся і закахаліся? Памятаюць, што вучыліся разам у школе журналістыкі, хадзілі на ірляндзкія танцы, захапляліся беларускімі традыцыямі. Пачуцьці доўгі час былі аднабаковыя: то Дашы падабаўся Віталь, а ён яе не заўважаў; то хлопец пачаў заляцацца, а дзяўчына ім ужо грэбавала.

«Мне нічога не падабалася зь ягоных падарункаў. Было зашмат ад яго ўвагі», — прыгадвае жонка.

«Браў зморам», — усьміхаецца муж.

Шукаў сустрэчаў, тэлефанаваў, пісаў. Ажно ўнутры Дашы нешта «цмокнула». Так і сталі сямʼёй.

Вельмі часта сужэнцы падчас гутаркі кажуць слова «натуральна» і гэтак жа сябе паводзяць, не прэтэндуючы на «прыгожую карцінку» сямʼі.

Чатырохгадовая Ружана прыцягнула свайго коніка, ледзь дачакалася паўзы ў дарослых размовах і знаёміць з цацкай.

Ружана лёгка ўключаецца ў размовы дарослых

«Я таксама хачу сказаць», — заяўляе яна і лапоча, што гатавалі салодзенькае ў садку, у пакоі жывуць папугаі, а пазногці яна фарбуе лякам.

Віталь працуе праграмістам. Дзеці больш часу з маці. Аднак Ружка падрасла і стала больш таткавай дачкой, ходзіць зь ім у садок і краму. Учора з крамы прыйшла шчасьлівая: з кіляграмам цукерак і зорачкамі, што зіхацяць у цемры — мама б такога не накупляла. Захар чакае тату, каб пагаварыць пра кампутары. А малую Віталь гушкае ўвечары, пакуль жонка займаецца іншымі справамі.

«Мы ня дзеля гандлю працуем»

Яшчэ адзін сямейны твор — «Лёля». Гэта крама, якая адчынілася два гады таму. Афіцыйна гаспадар у ёй Віталь, на ім папяровыя пытаньні. Але душу ў крамку ўдыхае хутчэй Даша, таму і вобраз у праекту дзявочы.

У краме «Лёля»

«Крама дадае больш энэргіі. Калі робіш толькі хатнія справы, губляеш энэргію», — кажа Даша.

Гэта адна зь нямногіх гарадзенскіх крамаў з выразна «беларускім тварам». Ейная адметнасьць — вырабы рамесьнікаў з усёй Беларусі. Тут няма вышыванак ці бел-чырвона-белых сьцягоў, але ёсьць вязаныя абрусы, драўляныя цацкі і сучасная дызайнэрская кераміка.

Раней сужэнцы езьдзілі па фэстывалях, каб пазнаёміцца з майстрамі. Цяпер адбіраюць вырабы больш узважана, без празьмернага энтузіязму. Лягчэй адмаўляюцца, калі не падабаецца, нешта замаўляюць поштай. Давяраюць уласнаму густу, але арыентуюцца і на попыт.

«Нядаўна запыталіся пра сувэнір у выглядзе шчыта з Пагоняю і пра сувэнірныя грошы — пачак грошай, надрукаваных на паперы. Я такога не разумею, але людзям, відаць, падабаецца», — кажа Віталь.

Пра сэнс крамы Даша кажа коратка: «Я яе люблю. Мне падабаецца, што там адбываецца, што яна патрэбная. Гэта файны спосаб зрабіць жыцьцё цікавым».

Крама сямʼю ня корміць. Пакуль гаворка пра тое, каб яна карміла сябе сама. Але не заўсёды выходзіць.

Прадаўцы нават адгаворваюць наведнікаў купляць безразважна — прыкладам, калі бачаць, што чалавек зьбіраецца патраціць больш грошай, чым плянаваў. Прапаноўваюць лепей вярнуцца празь дзень.

Крама для гаспадароў — у нечым і выставачная галерэя, хоць ніякіх датацый ня мае.

«Мы ня дзеля гандлю працуем. А каб прыгожае сустракалася з прыгожым, і яшчэ больш прыгожага здаралася. Там не савецкія сувэнірчыкі, а рэчы, зробленыя сэрцам, ня проста рэчы», — кажа гаспадыня.

Яна мяркуе, што ў будучыні крамка стане ўсё ж даволі прыбытковай, інакш за справу б ня бралася.

«Хэндмэйд дае насычанасьць побыту»

Усё пачалося з хэндмэйдаўскай суполкі ў інтэрнэце, якую захацелася перанесьці ў рэальнае жыцьцё.

«Каб людзі ішлі і бачылі: „О, крамка! У нас такое ёсьць, прыкольна, столькі майстроў“», — кажа Даша. Так і выходзіць.

Яна мяркуе, што гарадзенцы маюць густ. Ручнымі вырабамі цікавіцца і моладзь, і людзі старэйшага веку. Заходзяць турысты.

Пірог Даша падае на глязураванай талерцы з росьпісам — баўгарскай, ручной работы. Некалі яна стала першым у гаспадыні хэндмэйдавым посудам.

На стале баўгарскі посуд ручной работы

«Я адчула, што карыстацца хэндмэйдавым — іншая справа. Ён дае насычанасьць побыту. Нават есьці прыемней, чым са штампаванай талерачкі», — заўважае яна.

Муж з жонкай мяркуюць, што нават пры невысокім даходзе беларусы могуць мець дома хэндмэйдавыя рэчы.

«Іх жа ня трэба тры шафы», — кажа Даша.

Сукенку Ружане вышывала маці

«Гэта могуць быць штучныя рэчы, — дадае Віталь. — Гліняны посуд з глязурай — моцны і практычны. Без глязуры — сьвяточны, дэкарацыйны».

У тым, што сучасная кераміка мала падобная да бабуліных збаноў, сужэнцы ня бачаць нічога страшнага.

«У гэтым і сэнс традыцыі, каб яна заставалася і жыла. Яна жывая, калі трансфармуецца. Сувязь ёсьць. Які сэнс, калі былі б толькі гаршкі?» — разважае Даша.

«Патураць дзецям і захвальваць ня трэба»

«Мы пойдзем у басэйн з мамай, калі скончыцца выходны. І паедзем на мора», — час ад час Ружана прыходзіць у гутарку са сваёй важнай інфармацыяй. Прыстройваецца на каленях у таты, потым пачынае вырабляць гімнастычныя штукі, спадзеючыся трапіць у цэнтар увагі і ў кадар. Захар тым часам робіць урокі. Міласлава сьпеўна просіцца на рукі.

Дзяцей Фядотавы-Вановічы выхоўваюць зноў жа «натуральна». Паважаюць, але не разбэшчваюць. Даша багата ўзяла ад вядомага пэдагога Шалвы Амонашвілі, які распрацаваў канцэпцыю гуманнай пэдагогікі, арыентаванай на асобу дзіцяці. Але, на ейную думку, часам дарослыя пад маркай гуманнай пэдагогікі ўзьвялічваюць дзіця і ставяць яго ў ненатуральныя ўмовы. У выніку дзеці ставяцца да сябе як да «гіпэрасобаў», разбэшчваюцца, і гэта шкодзіць ім самім.

«Патураць і захвальваць ня трэба. Думаю, варта сказаць, калі нешта не атрымліваецца, пахваліць, калі добра выходзіць. Ня трэба дзіцё так ужо хваліць, калі яно памые талерку. Няхай ведае, што мыць посуд — гэта нармальна», — кажа Даша.

Яна выбудоўвае ў сямʼі правілы. Прыкладам, нельга без павагі ставіцца да бацькоў, як бы дзіця ні псыхавала. Або — талерку трэба за сабой памыць. Дзецям абмяжоўваюць час на кампутар, сацсеткі, мульцікі.

Грашовых адносін, калі дзецям плацяць за хатнюю працу або добрыя адзнакі, у сямʼі няма. Сужэнцы дзівяцца такой сыстэме. Але кішэнныя грошы ў малых ёсьць. Захар сам купляе сабе сшыткі. Ружана зьбірае капеечкі, а потым аддае маме: «Набудзеш сабе нешта». Даша прымае, хоць на такія малыя сумы нічога ня купіш.

У краме малым не купляюць усяго, чаго ім захочацца.

«Тлумачу, што нам гэта ня трэба, у нас „кіндэрсюрпрызы“ па хаце валяюцца. Але часам трэба нешта набываць, каб дзеці не адчувалі, што іх у цісках трымаюць, каб не было гэтай траўмы і ўсё жыцьцё потым дзіцё не хацела гэты „кіндэр“», — мяркуе Даша.

Апошнім часам сужэнцы змагаюцца за сумесны час. Зручней было б паесьці паасобку, але чакаюць адно аднаго. Выяжджаюць некуды разам.

«Час ляціць, ва ўсіх свае справы. Можна давесьці сямʼю да таго, што мы за тыдзень адзін аднаму ў вочы не паглядзім», — прызнаецца Даша.

«Прымушаць размаўляць па-беларуску — не натуральна»

Сямʼю Віталя і Дашы можна назваць беларускамоўнай, хоць яны карыстаюцца і расейскай мовай. Імёны дзецям выбіралі адмыслова беларускія.

Дзяцей называлі адмыслова беларускімі імёнамі

Кожнаму на выпіску з радзільнага дома набывалі свой традыцыйны пояс

Віталь размаўляе па-беларуску ў сямʼі, з бацькамі і некаторымі сябрамі. Даша перайшла на беларускую 16 гадоў таму.

«Спачатку кайф быў, нібыта ты стаў самім сабой. Для мяне больш натуральная беларуская мова, але яна ня кніжная выходзіць. Ты туды ўсоўваеш расейскія фразы, новыя слоўцы, жартуеш на трасяначцы».

Аднак гарадзенка вызначыла для сябе правіла: калі зьвяртаесься да незнаёмых па справе, першы раз лепей гаварыць з чалавекам на расейскай мове — сабе будзе хутчэй. Наступным разам, па яе словах, ужо ня будзе такога «тупняку», а чалавек яшчэ і камплімэнт скажа.

Іхнія дзеці першыя словы казалі па-беларуску, а потым перавучваліся. Захар цяпер па-беларуску можа пагаварыць толькі на ўроку беларускай мовы, зь некім беларускамоўным або з бацькамі, і то калі нечага хоча папрасіць. У Ружаны пераходны пэрыяд. Яна адрозьнівае дзьве мовы, але больш карыстаецца расейскай.

Дзеці ходзяць у расейскамоўную школу і садок. Затое дзякуючы Захару іншыя дзеці, як казала выхавацелька, ведалі, што такое «смаркачык». Бацькі кажуць, што нават у беларускамоўных групах ня ўсе выхавацелькі размаўляюць па-беларуску, амаль усе дзеці з расейскамоўных семʼяў. Да таго ж там існуе абсурдны, на думку бацькоў, дзень расейскай мовы. Таму сэнс такога садку спрэчны. Для Ружаны абралі бліжэйшы, прыватны расейскамоўны садок — там, кажуць, лепш ставяцца да дзяцей і зьмест заняткаў лепшы.

«Мы сучасная сямʼя, якая жыве ў сучасным сьвеце. Можа, з большай павагай ставімся да мінулага, гісторыі, мовы. Але сказаць, што мы зацыкленыя на гэтым, нельга», — кажа Віталь.

«За вушы цягнуць, прымушаць дзяцей размаўляць па-беларуску, хадзіць у вышыванках у школу — гэта не натуральна для мяне. Дзеткі ўсё, што вакол, як губачка, прыбіраюць на сябе. Яны вельмі натуральныя. Якое асяродзьдзе, такія яны. Ну як Захар будзе размаўляць ня так, як усе?» — кажа Даша.

Бацькі мяркуюць, што потым дзеці самі натуральным чынам прыйдуць да беларускай мовы, калі захочуць.

«Нейкая малая на ровары ехала, пачула мяне, спынілася і пытаецца: „А вы па-беларуску размаўляеце?“ — „Ну да“. — „А чаму?“ — „Бо люблю“. — „А мой гэта самы нелюбімы ўрок“. Бо ў дзяцей гэта асацыюецца з урокамі», — узгадвае выпадак Даша. Яна думае, такія жыцьцёвыя сытуацыі лепей паказваюць мову, чым штучныя.

«Тут свая зямля»

Сямʼя ніколі не хацела зьехаць за мяжу.

Віталь думае, што трымаць крамку прасьцей было б нават у Польшчы. Але сямʼя ніколі не апыналася ў такім фінансавым становішчы, калі трэба зьяжджаць, каб выжыць.

«Тут свая зямля, сваякі. Тут усё роднае», — кажа Віталь.

На ягоную думку, калі пераехаць, прыкладам, у ЗША, там будзе ўсё новае: мова, правілы, стасункі. Гэта створыць стрэс на доўгія гады, замучае настальгічнымі пачуцьцямі. Хоць ён разумее, што матэрыяльна, хутчэй за ўсё, будзе лепш: прыемнае асяродзьдзе, круцейшыя гіпэрмаркеты, людзі заўжды з усьмешкай.

«Для мяне зямля — як сямʼя. Сваякоў, бацькоў, родных не выбіраюць. Яны могуць быць розныя, але мне бязь іх кепска. Жыць без свайго — мне цьмяна», — дадае Даша.

Віталь крытыкуе аргумэнт «зьяжджаю дзеля дзяцей». Паводле яго, гэта вялікая культурна-духоўная страта. Бо, хутчэй за ўсё, наступныя пакаленьні ўжо ня будуць беларусамі, а асымілююцца зь мясцовым насельніцтвам, хоць і паўнавартаснымі яго прадстаўнікамі, з нацыянальнага пункту гледжаньня, ня стануць.

«Калі ты нешта любіш, чым ты гэта заменіш?» — пытаецца Даша.