У апёкавым аддзяленьні Гомельскай гарадзкой бальніцы пацыент учыніў самагубства.
«Яму проста не было куды вяртацца. У той дзень ён быў выпісаны з бальніцы, і ўчыніў такое», — сказалі Свабодзе ў бальніцы.
Мужчына 1957 году нараджэньня, жыў у Жлобінскім раёне. Ён праходзіў лекаваньне ў апёкавым аддзяленьні. Апёкі атрымаў на пажары, калі згарэла яго жытло.
«Ён быў такі дабрадушны, ветлівы пацыент. У пятніцу, 14 сьнежня яго выпісалі. То бок па сутнасьці ён ужо ня быў пацыентам бальніцы. У час абеду мужчына пайшоў у прыбіральню. Доўга адтуль не вяртаўся, яго сусед па палаце захваляваўся, і ў выніку знайшлі яго павешаным», — сказалі ў шпіталі.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сваякі не маглі ці не хацелі забраць мужчыну з бальніцы. Фактычна ён выпісваўся на вуліцу.
Цяпер у бальніцы праходзіць праверка. Бальнічнае кіраўніцтва адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю.
Справу дасьледуе Сьледчы камітэт.