Бізнэсоўцы перамаглі. Спыняецца дзеяньне ўказу аб ілжэпрадпрымальніцтве

Ілюстрацыйнае фота

Дзеяньне ўказу № 488 «Аб некаторых захадах у папярэджваньні незаконнай мінімізацыі сумаў падатковых абавязаньняў» спыняецца ў Беларусі з 1 студзеня 2019 году.

Пра гэта сёньня паведаміў у Палаце прадстаўнікоў намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко.

Дакумэнт дзейнічаў з 2012 году і быў накіраваны на барацьбу з ілжэпрадпрымальніцтвам і ўхіленьнем ад выплаты падаткаў. Кійко патлумачыў, што ў новай рэдакцыі Падатковага кодэксу паняцьця «ілжэпрадпрымальніцтва» наагул ня будзе.

Апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая неўзабаве пасьля свайго абраньня пачала кампанію за выключэньне крымінальнага артыкулу за ілжэпрадпрымальніцтва з заканадаўства. Яна тлумачыла свае захады тым, што крымінальнае пакараньне за нібыта ілжэпрадпрымальніцтва «моцна стрымлівае разьвіцьцё прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы».

Намесьнік міністра фінансаў, які прадстаўляў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў новую рэдакцыю Падатковага кодэксу, заявіў, што адмена крымінальнай адказнасьці за так званую ілжэпрадпрымальніцкую дзейнасьць узгодненая з кіраўніком дзяржавы.