Рух «За свабоду» быў заснаваны ў 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сіл, ляўрэатам прэміі Эўрапейскага парлямэнту імя Сахарава «За свабоду думкі» Аляксандрам Мілінкевічам. Але афіцыйна зарэгістравалі яго толькі 17 сьнежня 2008 году.
Першых актывістаў пачалі запісваць у Дзень Волі 25 сакавіка 2006 году на менскіх вуліцах. Устаноўчы зьезд руху прайшоў у Горадні 20 траўня 2007-га. Аднак Мін’юст тройчы адмаўляў руху ў рэгістрацыі. І толькі 17 сьнежня 2008 году Міністэрства юстыцыі нарэшце зарэгістравала Праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне «Рух „За Свабоду“» — з чацьвёртага разу.
Свабода сабрала 10 фактаў пра рух «За свабоду».
1. Прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава
У 2008 годзе Рух заснаваў прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Упершыню яе ўручылі Рыгору Барадуліну, Уладзімеру Арлову і палітыку Паўлу Севярынцу на радзіме народнага пісьменьніка ў Бычках.
Ляўрэатамі прэміі ў розныя гады былі Алесь Пушкін, Ада Райчонак, Уладзімер Някляеў, Лявон Вольскі і Алесь Белакоз, Зьміцер Вайцюшкевіч і Алесь Марачкін, Віктар Шалкевіч, Ніл Гілевіч, Валер Мазынскі, Зьміцер Дашкевіч, Глеб Лабадзенка.
«Сёлета прэмія была падтрыманая праз краўдфандынг беларусамі, у тым ліку беларускім бізнэсам. Гэта значыць, што тыя мерапрыемствы, якія мы прапануем беларускаму грамадзтву, знаходзяць унутраную падтрымку, гэта вельмі важна для нас», — кажа старшыня руху Юрась Губарэвіч.
2. У 2009 годзе рух зладзіў Беларускі эўрапейскі форум
14–15 лістапада 2009 году рух «За свабоду» арганізаваў і правёў Беларускі эўрапейскі форум, у якім узялі ўдзел каля 1 тысячы чалавек.
Удзельнікі сходу заявілі, што падтрымліваюць інтэграцыю Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць і маюць намер спрыяць паглыбленьню стасункаў Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Яны запатрабавалі ад уладаў павагі да свабоды СМІ, свабоды сумленьня і веравызнаньня, свабоды сходаў і асацыяцый; гарантый адкрытых і справядлівых выбараў; аднаўленьня мясцовага самакіраваньня ў Беларусі.
На форум былі запрошаныя ганаровыя госьці: віцэ-маршалак Сэнату Польшчы Зьбігнеў Рамашэўскі, віцэ-старшыня Эўрапейскай народнай партыі Корын Вортман-Кол, дэпутат Бундэстагу Мануэль Зарацын і іншыя.
3. «Народны рэфэрэндум»
У траўні 2010 году рух «За свабоду» разам з Партыяй БНФ і «Гавары праўду» абвясьцілі пра пачатак кампаніі «Народны рэфэрэндум». Ініцыятыву падтрымалі БСДП (Грамада), аргкамітэт па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу, дзясяткі грамадзкіх арганізацый.
Мэта кампаніі — правесьці ў Беларусі новы рэфэрэндум, які вызначыць, як павінна разьвівацца краіна. Пасьля анкетаваньня дзясяткаў тысяч чалавек і з дапамогай экспэртаў былі сфармуляваныя шэсьць пытаньняў «Народнага рэфэрэндуму».
У падтрымку «Народнага рэфэрэндуму» сабрана каля 120 тысяч подпісаў грамадзян.
4. «Народная праграма»
26 траўня 2011 году адбылася прэзэнтацыя «Народнай праграмы» — кампаніі па выпрацоўцы канцэпцый рэформаў у Беларусі з дапамогай экспэртнага і шырокага грамадзкага абмеркаваньня надзённых пытаньняў разьвіцьця краіны.
Напрацоўкі «Народнай праграмы» даступныя для выкарыстаньня любымі палітычнымі і грамадзкімі сіламі.
5. «Права выбару» — кампанія назіраньня за выбарамі
Рух «За свабоду» — адзін з ініцыятараў стварэньня кампаніі назіраньня за выбарамі «Права выбару». У ёй аб’ядналіся 8 суб’ектаў, каб разам супрацьстаяць фальсыфікацыям на выбарах.
Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году ў «Права выбару», акрамя руху «За свабоду», увайшлі БСДП (Грамада), аргкамітэт па стварэньні БХД, «Гавары праўду», Партыя БНФ, прафсаюз РЭП, «Зялёныя», аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.
«Гэта пазытыўная альтэрнатыва для Беларусі. Яна тлумачыць людзям, што будзе ў розных галінах, калі настануць перамены: як зьменіцца жыцьцё, што будзе з эканомікай», — казаў тагачасны лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.
6. Летняя школа руху «За свабоду», іншыя моладзевыя праграмы
З 2010 году рух «За свабоду» праводзіць Школу для маладых беларусаў у веку ад 18 да 30. За 8 гадоў праз праграму навучаньня прайшло каля 200 маладых людзей. Заняткі школы праходзіць у краінах Эўразьвязу — Польшчы ці Літве. Тэматыка навучаньня мяняецца кожны год. Да прыкладу, былі праграмы «Беларуская ідэя і шляхі нацыянальнай кансалідацыі ў Беларусі», «Нацыянальны брэнд Беларусі».
Дзякуючы асобе Аляксандра Мілінкевіча пасьля 2006 году паўстала праграма Каліноўскага — беларуская апазыцыйная моладзь, якой не давалі вучыцца ў Беларусі, змагла атрымліваць адукацыю ў польскіх ВНУ.
7. Разгалінаваная сетка рэгіянальных актывістаў
Рух захаваў сетку рэгіянальных актывістаў, якія працуюць стала і самастойна.
У Баранавічах, прыкладам, яны ладзяць Дзень вышыванкі. Таксама ў Баранавічах заснавалі прэмію імя Віктара Сырыцы, якая ўручаецца за дасягненьні ў нацыянальным адраджэньні і абароне беларускай мовы і культуры.
У Слуцку рух разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі ладзіць акцыі, прымеркаваныя да гадавіны Слуцкага збройнага чыну.
У 2017 годзе рух «За свабоду» быў арганізатарам шматлікіх акцый пратэсту «недармаедаў» у рэгіёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Слава героям Случчыны!» У Слуцку ўшанавалі памяць абаронцаў радзімы ад бальшавікоў−1. Хуткіх пераменаў не атрымалася
Была надзея, што рух будзе аб’ядноўваць і людзей, заангажаваных у палітыку, і беспартыйных, і проста неабыякавых. Але такога шырокага аб’яднаньня не атрымалася, лічыць заснавальнік і экс-старшыня руху Аляксандар Мілінкевіч.
«Так што першую мэту — рамантычную — мы не рэалізавалі. Была рамантыка, але хуткіх перамен не атрымалася. Але гэта не залежыць ад адной арганізацыі, гэта не залежыць ад супольнасьці дэмакратычных арганізацый. Гэта залежыць ад сытуацыі ў грамадзтве — наколькі такая праца, такая ідэя запатрабаваныя. Грамадзтва заўсёды павольна сасьпявае. І ў нашай краіне, пры такой дэфармаванай сьвядомасьці, гібрыднай прапагандзе — нялёгка гэта зрабіць», — кажа Аляксандар Мілінкевіч.
−2. На ніводных выбарах — прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх, мясцовых — ніхто зь сябраў руху не перамог
Пасьля вылучэньня Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году рух ня меў сваіх кандыдатаў на выбарах ні ў 2010, ні ў 2015 гадах.
Ніводзін сябар руху не перамог на парлямэнцкіх выбарах 2016 году, ніводзін — на мясцовых выбарах у лютым 2018 году.
−3. У Руху ўсяго толькі 700 сябраў
За апошнія 2 гады пасьля мінулай справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі да Руху далучыліся 122 новыя сябры, і цяпер агульная колькасьць — каля 700 сябраў. У 2016 годзе падчас зьмены кіраўніцтва разам з прэтэндэнтам на лідэра руху Алесем Лагвінцом сышло 20 чалавек.
(16 кастрычніка 2016 году Аляксандра Мілінкевіча на пасадзе старшыні руху зьмяніў Юрась Губарэвіч. Усяго за лідэрства змагаліся 3 чалавекі — Юрась Губарэвіч (які набраў 59 галасоў), Алесь Лагвінец (51 голас) і Алесь Таўстыка (2 галасы).
«Мы ставілі перад сабой мэты больш хуткага росту колькасьці актыву, і для гэтага былі перадумовы — тая ж новая хваля моладзі, праэўрапейскай і прабеларускай. Але, на жаль, ёсьць такі фактар, як рэпрэсіі з боку ўладаў, якія адбіліся на гэтых плянах самым прамым чынам», — кажа прэсавы сакратар руху Вольга Быкоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску абралі старшыню руху «За Свабоду»P.S.
На думку лідэра руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, цяпер ідзе працэс унутранай дэмакратычнай трансфармацыі руху. Арганізацыя паўстала як правобраз перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата, і ў такім выглядзе яна дзейнічала цягам некалькіх гадоў, рыхтуючыся да наступных прэзыдэнцкіх выбараў.
«На сёньня мы цалкам трансфармаваліся ў арганізацыю, дзе існуе дэмакратычная сыстэма прыняцьця рашэньняў, дзе голас лідэраў важны, але любы сябар арганізацыі мае права абіраць кіраўніцтва, удзельнічаць у сходах, галасаваць, выступаць з крытыкай і пратэстамі, калі нешта не падабаецца. І ўсё гэта ўспрымаецца намі як частка ўнутранай дэмакратычнай культуры.
Гэта важна, каб арганізацыя магла існаваць пры любым лідэру ў любой сытуацыі, каб людзі зьбіраліся не пад лідэра, а пад ідэі, якія іх аб’ядноўваюць», — падсумаваў вынікі 10 гадоў існаваньня руху Юрась Губарэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая працэдура павінна нас узмацніць», — апазыцынэры-правацэнтрысты рыхтуюцца да праймэрыз