На інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ апублікаванае пакуль не падпісанае пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў паміж Беларусьсю і Расеяй.
Гэтае пагадненьне абедзьве дзяржавы мелі намер падпісаць 12 сьнежня ў Берасьці на пасяджэньні Савету міністраў саюзнай дзяржавы.
Аднак беларускі бок настаяў, каб падпісаньне было адкладзенае, бо дакумэнт не прайшоў поўнае ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненьне.
Аляксандар Лукашэнка 14 сьнежня на сустрэчы з расейскімі журналістамі і блогерамі паведаміў, што яшчэ не азнаёміўся з пагадненьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Пашыньяна расказаў, пра што змаўчаў ЛукашэнкаПаводле апублікаванага дакумэнту, замежнікі, у якіх ёсьць беларуская або расейская віза, змогуць карыстацца ідэнтычнымі правамі на тэрыторыях абедзьвюх краінаў. У Расею таксама змогуць патрапіць замежныя грамадзяне, якія маюць права на бязьвізавы ўезд у Беларусь.
З пачатку 2018 году ў Беларусь без візы могуць уехаць грамадзяне 85 краінаў, у тым ліку краінаў ЭЗ і ЗША, якія прыбываюць у Беларусь праз міжнародны аэрапорт Менску. Расея ж да гэтага часу патрабавала ад грамадзянаў краінаў ЭЗ атрымліваць візу пры кожным уезьдзе на тэрыторыю РФ, а транзыт празь Беларусь аўтадарожным шляхам быў цалкам забаронены.
Паводле пагадненьня асобам, якім быў забаронены ўезд у Расею ці Беларусь, забароняць знаходжаньне на тэрыторыі абедзьвюх краінаў.
1 лістапада сёлета Расея ўвяла забарону на ўезд на сваю тэрыторыі 322 украінскім палітыкам, дзяржаўным службоўцам і грамадзкім дзеячам.