17 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў нечакана пачалі абмяркоўваць праект бюджэту Беларусі на 2019 год у «нулявым» чытаньні. Адначасова яны дыскутавалі і пра Падатковы кодэкс.
«Навіна пра абмеркаваньне стала для нас абсалютна нечаканай. Пра пасяджэньне дэпутатам паведамілі літаральна за пару гадзін да яго пачатку», — сказала Свабодзе апазыцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая.
«На руках у мяне не было ні праекту бюджэту, ні Падатковага кодэксу. Па кодэксе выступалі Румас, Турчын, Ермаловіч. Пра бюджэт дакладаў міністар фінансаў Ермаловіч. Вырашылі, што заўтра будзем разглядаць праект бюджэту ў першым чытаньні. І зноў жа я трымаю праект парадку заўтрашняга пленарнага пасяджэньня, але пытаньняў ні пра бюджэт, ні пра кодэкс у ім няма», — кажа дэпутатка.
Паводле Ганны Канапацкай, ёй дазволілі задаць тры пытаньні ўрадоўцам.
«Нейкімі адказамі я задаволеная, нейкімі — не. Пытаньні былі сур’ёзныя. Калі б я мела канчатковыя варыянты бюджэту і Падатковага кодэксу, магчыма, гэтых пытаньняў і не было б. Але я гэтых дакумэнтаў ня мела».
«Нулявое» абмеркаваньне прайшло за зачыненымі дзьвярыма. Журналістаў, акрамя апэратара тэлебачаньня, на пасяджэньне не запрасілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра расейскі падатковы манэўр: «Катастрофы ня будзе» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк: Трэба пераходзіць на сусьветныя цэны і выходзіць з усіх саюзных дамоваў, мытнага пагадненьня і АДКБ