Кіеўскі мітрапаліт распавёў пра першыя крокі і адносіны з Маскоўскім патрыярхатам

15 сьнежня на Аб’яднаўчым саборы ў Кіеве абралі галаву адзінай Украінскай памеснай праваслаўнай царквы — Эпіфанія. Ён быў мітрапалітам Пераяслаўскім і Белацаркоўскім, рэктарам Кіеўскай праваслаўнай багаслоўскай акадэміі.

Вашай увазе эксклюзіўнае бліц-інтэрвію, якое мітрапаліт Эпіфаній даў Радыё Свабода.

— Дзе вы вучыліся, чым займаліся да таго, як вас абралі кіраўніком Украінскай царквы?

— Многае ў маім жыцьці зьвязана зь Міхайлаўскім Златаверхім манастыром. Менавіта тут я, як выхаванец Кіеўскай духоўнай сэмінарыі, атрымаў вышэйшую духоўную адукацыю. Затым атрымаў манаскі пострыг у Міхайлаўскім Златаверхім саборы. У далейшым я вучыўся, стажыраваўся ў Атэнах, паглыбляў свае веды з грэцкай мовы. Затым стаў рэктарам Кіеўскай праваслаўнай багаслоўскай акадэміі, яна атрымала прызнаньне дзяржавы ў час майго кіраўніцтва.

— Экспэрты сьцьвярджаюць, што ў вас ёсьць магчымасьці рэфармаваць, зьмяніць царкву. Вашы першыя крокі?

— Нам трэба завяршыць паўнавартаснае яднаньне. Мы атрымліваем Томас, фарміруем усе адпаведныя органы гэтай царквы. Гэта практычна новая структура. Ёсьць шмат працы па фарміраваньні. Але мы будзем гэта рабіць спакойна, мудра, узважана, таму што трэба працаваць так, каб гэта абʼядноўвала, а не разьядноўвала. Нават калі мы ўспомнім пра сьвяткаваньне Нараджэньня Хрыстова, пра каляндар. Калі мы зьменім з 7 студзеня на 25 сьнежня, украінскі народ гэта ня ўспрыме. Трэба тлумачыць, даказваць. Калі людзі зразумеюць, што гэта не догма, гэта проста дата, тады магчыма рабіць і прымаць рашэньні.

Таму мы будзем узважана працаваць на разьвіцьцё царквы, якая будзе духоўнай асновай і апорай нашай украінскай дзяржавы ў гэты нялёгкі час выпрабаваньняў. У нас акупаваны Крым, мы павінны яго вярнуць, мы маем часткова акупаваны Данбас, і мы верым, што Гасподзь пасьля нашых малітваў пашле нам доўгачаканы справядлівы мір.

— Якім чынам вы будзеце працягваць мець зносіны з прадстаўнікамі Маскоўскага патрыярхату, якія не ўвайшлі ў адзіную памесную царкву? І якія крокі вы зробіце, каб яны вярнуліся?

— Гэта працэс. Трэба атрымаць Томас. Калі будзе Томас, гэта будзе сьведчаньнем таго, што мы на самай справе аўтакефальная незалежная царква. Тады мы пачнем працаваць, мець зносіны, запрашаць, праяўляць нашу любоў і ўзаемапавагу. На гэтай аснове, я думаю, паступова яны зразумеюць, што няма іншага выйсьця, як быць у гэтай адзінай украінскай царкве і разам будаваць нашу будучыню.

— Прыадкрыйце заслону, што адбывалася на самай саборы? Хто як галасаваў?

— Напярэдадні сабора было шмат інфармацыі, па якой менавіта працэдуры будзе абраньне галавы. Абраньне адбывалася па дэмакратычнай працэдуры. Спачатку кожны архірэй, які ўдзельнічаў у саборы, мог стаць кандыдатам на кіраўніка гэтай царквы. Было рэйтынгавае галасаваньне. Удзельнікам сабора былі раздадзеныя бюлетэні. Адпаведна, з гэтага рэйтынгу галасаваньня я набраў найбольшую колькасьць галасоў.

Было 200 дэлегатаў сабора. У першым туры былі абраныя трое кандыдатаў, затым быў другі тур. З гэтых трох кандыдатаў быў абраны адзін. Я думаю, з часам гэта будзе ўжо апублікавана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма нагоды для радасьці». Айцец Шрамко назіраў у Кіеве за саборам