Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч даў вялікае інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС. Тэкст быў апублікаваны неўзабаве пасьля прапановаў з боку Расеі рэфармаваць так званую саюзную дзяржаву, успрынятых як «ультыматум Мядзьведзева», пасьля жорсткай адмовы Аляксандра Лукашэнкі ад такіх прапановаў і пасьля адмовы Расеі, у сваю чаргу, кампэнсаваць Беларусі страты ад падатковага манэўру.
Свабода каротка пераказвае вялікае інтэрвію Бабіча. Цытаты падаюцца ў двукосьсі.
- На пытаньне наўпрост, «што Расея прапануе свайму партнэру», Бабіч фактычна не адказаў.
- Бабіч хацеў бы «перазагрузіць» дамову аб Саюзнай дзяржаве 1999 году, напоўніць яе «новым сэнсам і сучасным зьместам». Калі мадэль так званай Саюзнай дзяржавы сябе вычарпала, можна пераключыцца на мадэль Эўразійскага эканамічнага саюзу. Па абедзьвюх дамовах Расея выконвае свае абавязаньні ў поўным аб’ёме, у тым ліку па пастаўках нафты і газу. Што Расея нібы не выконвае дамову па ЭАЭС, то «гульня словаў, вырваныя з кантэксту моманты».
- Адносна дамовы ёсьць «маніпуляцыі грамадзкай думкай»: насамрэч, кажа Бабіч, «ніхто нікога не паглынае, ніхто праз калена не ламае». «Эўразьвяз аб’яднаўся, і ніхто сувэрэнітэт ня страціў».
- «Усе інсынуацыі пакуль адкладзем і паглядзім, якія рашэньні будуць прынятыя прэзыдэнтамі» (Лукашэнка анансаваў, што сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным 25 сьнежня, на сустрэчы будзе абмяркоўвацца «пытаньне інтэграцыі». — РС).
- Аб’ём падтрымкі Беларусі Расеяй складае штогод 4–4,5 млрд даляраў, але Беларусь прэтэндуе яшчэ на 3–4 млрд даляраў, патрабуючы ніжэйшых цэнаў на газ і кампэнсацыі за падатковы манэўр. Гэта «даволі сумнеўна і эканамічна неабгрунтавана».
- Роўных умоваў гаспадараньня Беларусі і ўсіх рэгіёнаў Расеі ня будзе, бо «Расея — гэта ня толькі Смаленск, а і Ўрал, і Сыбір». Цаны на газ як у Смаленску ня будзе, бо ў Расеі «працуе складаная эканамічная мадэль перакрыжаванага субсыдыяваньня», дзякуючы якой газ для Смаленску каштуе 70 даляраў — але гэта не сабекошт газу. У Беларусі гэта ведаюць, «але чамусьці ня хочуць улічваць».
- Эканамічную мадэль з падатковым манэўрам нельга прымяняць да Беларусі, «знаходзячыся ў розных прававых канструкцыях — падатковых, мытных, тарыфных, акцызных». Датацыі на сыравіну сябе вычарпалі. Трэба паглядзець, што зрабіць, каб «эканамічныя магчымасьці Расеі маглі легітымна распаўсюджвацца на Беларусь».
- Гандлёвы балянс не на карысьць Расеі: калі адкінуць 10 млрд даляраў расейскага экспарту паліўна-энэргетычных рэсурсаў, то экспарт з Расеі ў Беларусь будзе ніжэйшы за імпарт у Расею зь Беларусі. Дыскрымінацыі па пастаўках харчоў няма, Беларусь дамінуе сярод імпартэраў у Расею малака, масла, сыроў. А ў Беларусі акцызы на тытунь у чатыры разы ніжэйшыя за расейскія, 70% беларускай тытунёвай прадукцыі ідзе ў Расею, а расейскі бюджэт «недаатрымлівае мільёны даляраў». Тыя ж пытаньні пра «ілжэтранзыт розных тавараў». Таму не атрымаецца разьвіваць «саюзную эканоміку» «без фармаваньня адзінай мытнай, падатковай, грашова-крэдытнай палітыкі».
- Беларускі бок хлусіць: на перамовах Пуціна і Лукашэнкі казалі (хто казаў, Бабіч не ўдакладніў. — РС) пра больш як 50 беларускіх прадпрыемстваў, якім быў закрыты доступ на расейскі рынак. Праверылі — толькі тром закрыты цалкам, васямнаццаці часткова.
- Супольныя прадпрыемствы накшталт МАЗ + КаМАЗ ужо ня надта патрэбныя, сытуацыя зьмянілася з 2013–14 гадоў, калі іх зьбіраліся ствараць. Расейскія прадпрыемствы, у якія хацелі інтэграваць беларускія, ужо знайшлі для сябе іншыя рашэньні.
- Падпісаньне пагадненьня аб прызнаньні візаў зацягваецца зь беларускага боку. Пуцін у свой час прапанаваў «не закрываць мяжу зь Беларусьсю», калі Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў.
- Адносна чарговай гадавіны перамогі ў Другой усясьветнай вайне будзе «асаблівая ўвага процідзеяньню фальсыфікацыі гісторыі», бо некаторыя цяпер хочуць «прынізіць ролю нашых народаў». Павучаюць, як жыць, нават немцы («з таго боку, адкуль гэтае зло прыйшло»).