Вэб-часопіс «ЛітРАЖ» пры падтрымцы шэрагу пісьменьнікаў заснаваў літаратурную прэмію, якой будуць адзначаць найлепшыя электронныя кнігі і онлайн-публікацыі.
Прэмія называецца «Празрысты ЭОЛ» [ЭОЛ расшыфроўваецца як «электронная і онлайн-літаратура»] і пакуль што, на момант свайго заснаваньня, не прадугледжвае грашовай узнагароды — толькі сымбалічны прыз для кожнага зь ляўрэатаў.
Заяўленыя мэты прэміі такія:
- заахвоціць айчынных выдаўцоў да публікацыі электронных кніг;
- падтрымаць творчасьць беларускамоўных, найперш маладых аўтараў;
- прыцягнуць увагу шырокай грамадзкасьці да найлепшых літаратурных онлайн-публікацый на беларускай мове.
Паводле Статуту Прэміі, вызначаць пераможцаў будзе Віртуальная літаратурная акадэмія і Сакратарыят прэміі.
Сакратарыят прэміі прымае ад чытацкай (і аўтарскай) публікі рэкамэндацыі наконт намінацый на прэмію. Для падачы рэкамендацыі дастаткова даслаць мэйл са спасылкай на рэкамэндаваны твор на адрас eol.litrazh@gmail.com да 15-га студзеня 2019 году.
Першае ўганараваньне ляўрэатаў плянуецца ўвесну 2019 году.
Статут адзначае, што Віртуальная літаратурная акадэмія «фармуецца на добраахвотных пачатках з шырокага спэктру беларускіх літаратурных адмыслоўцаў: літаратуразнаўцаў, крытыкаў, пісьменьнікаў, перакладчыкаў і інш.»
З актуальным складам Віртуальнай літаратурнай Акадэміі можна пазнаёміцца тут.
Паводле Статуту, прэмія «Празрысты ЭОЛ» будзе прысуджацца ў 21 катэгорыі. Яны падзеленыя на наступныя групы: «Арыгінальныя онлайн-публікацыі», «Электронныя кнігі», «Перакладныя», «Мэдыя», «Іншыя».