Суд скасаваў «завочны» штраф абаронцу Курапатаў

Абаронцы Курапатаў спрачаюцца з ДАІ, ілюстрацыйнае фота

Сябра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Юры Палейка пасьпяхова абскардзіў штраф за парушэньне дарожнага руху, расказвае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Штраф у 2 базавыя велічыні (49 рублёў) быў выпісаны за тое, што Юры Палейка 9 жніўня нібыта рухаўся пешшу па праезнай частцы дарогі і «неабгрунтавана перашкаджаў руху транспартных сродкаў».

Але пастанову аб адміністрацыйным правапарушэньні склалі ў адсутнасьць Палейкі, што ёсьць грубым парушэньнем працэсуальных правоў і што робіць працэс незаконным. У час разгляду справы абвінавачаны і ня ведаў пра працэс (не паведамляць пра такі працэс таксама незаконна), бо быў у камандзіроўцы.

З дапамогай праваабаронцаў «Вясны» ён абскардзіў пастанову аб правапарушэньні ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску. Той суд скасаваў пастанову ДАІ і адправіў справу на новы разгляд — а ДАІ ў сваю чаргу спыніла справу і скасавала штраф.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль актывіст ляжаў у шпіталі, яго завочна аштрафавалі за пікет каля КДБ

Абаронцы Курапатаў больш за 200 дзён пратэстуюць супраць рэстарацыі «Поедем поедим», збудаванай пад месцам масавых расстрэлаў і пахаваньня дзясяткаў тысячаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Сярод іншага яны не прапускаюць машыны наведнікаў на тэрыторыю рэстарацыі (але дазваляюць праходзіць пешшу) і раздаюць наведнікам інфармацыйныя матэрыялы.

На прэтэнзіі супрацоўнікаў ДАІ аб выхадзе на праезную частку актывісты адказваюць, што гэта не «афіцыйная» дарога, а прыдваравая тэрыторыя незаконнага «самабуду».

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты