У Нясьвіжы мужчына «ўчыніў самагубства» ў міліцэйскай машыне

Ілюстрацыйнае фота

Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму Свабодзе паведамілі, што праводзяць праверку самазабойства грамадзяніна ў міліцэйскай машыне ў Нясьвіжы. Праверка ўжо «на стадыі завяршэньня». Расьсьледаваньнем сьмерці затрыманага займаецца Сьледчы камітэт.

У канале Telegram была распаўсюджаная інфармацыя, што ў Нясьвіжы нібыта расьсьледуецца забойства хлопца супрацоўнікамі міліцыі. У паведамленьні гаворыцца, што пасьля забойства міліцыянты імітавалі самагубства хлопца ў міліцэйскай машыне.

«Гэта інфармацыя адназначна не адпавядае сапраўднасьці. Гаворка ідзе пра суіцыд, а не пра забойства. Вышуковы аддзел Нясьвіскага раёну праводзіць праверку. Унутраная праверка ў нас таксама праводзіцца, яна на стадыі завяршэньня. Але інфармацыя пра забойства трактуецца няправільна. Мы адразу гэта трактавалі як суіцыд», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік Менскай абласной міліцыі Яўген Сачак.

У такіх выпадках абавязкова праводзіцца праверка, сказалі ў міліцыі.

«Суіцыд адбыўся ў службовай міліцэйскай машыне. Гэта так. Гэта было каля двух тыдняў таму».

У міліцыі патлумачылі дэталі трагічнага здарэньня. Мужчына знаходзіўся ў спэцыяльным адсеку ў міліцэйскай машыне, калі яго дастаўлялі ў РУУС. Ён быў затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэньне. Пра гэта парталу mlyn.by паведаміў прадстаўнік Менскай абласной міліцыі Яўген Сачак:


«Папярэдне ўстаноўлена, што ён павесіўся. Па гэтым факце мы праводзім сваю ўнутраную праверку. Упор робіцца на высьвятленьне таго, ці маглі супрацоўнікі ўнутраных спраў прадухіліць трагедыю», — патлумачыў Сачак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра мужчыны, які нібыта ўчыніў суіцыд у міліцэйскай машыне: «Яны вінаватыя, прыкрываюць сябе»

Па факце сьмерці мужчыны вядзецца праверка

Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту Беларусі па Менскай вобласьці Тацяна Беланог пацьвердзіла Свабодзе, што здарэньне адбылося 29 лістапада ў міліцэйскай машыне.

На пытаньне, ці быў гэта менавіта суіцыд, Тацяна Беланог сказала, што цяпер высьвятляюцца абставіны здарэньня і прычыны сьмерці, Нясьвіскі раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку.

«Цяпер высьвятляюцца абставіны здарэньня, робяцца праверачныя захады. Прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза, якая высьветліць дакладную прычыну сьмерці мужчыны 1969 году нараджэньня, сьледзтва зьбірае неабходныя матэрыялы».

Землякі сумняваюцца, што чалавек загінуў праз суіцыд

Загінулага мужчыну пахавалі 2 сьнежня, здарэньне адбылося ў канцы лістапада. Як расказалі Свабодзе мясцовыя жыхары, меркаваньні наконт прычынаў сьмерці розныя. Значная частка землякоў загінулага думае, што прычынай сьмерці было не самагубства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Білі, катавалі, мачыліся на галаву — 10 фактаў гвалту, у якіх падазраюць беларускіх міліцыянтаў

Калі вам вядома пра гэтае здарэньне, напішыце нам на radiosvaboda@gmail.com ці ў нашых каналах у сацсетках.