Пра тое, што праектант акумулятарнага заводу «АйПауэр», які плянуецца пабудаваць пад Берасьцем, адклікаў праектную дакумэнтацыю з паўторнай дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, берасьцейскаму актывісту Дзям’яну Лепясевічу паведаміла 15 сьнежня падчас прамой лініі першая намесьніца міністра прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна.
Паўторная дзяржаўная экалягічная экспэртыза мела завяршыцца 14 сьнежня, паведамляе БелаПАН. Даты правядзеньня новай экспэртызы пакуль невядомыя.
Паводле Малкінай, вынікаў паўторнай экспэртызы няма, бо актывісты даслалі на камісію дадатковыя матэрыялы.
Малкіна таксама паведаміла, што ў сувязі з заўвагамі Мінпрыроды «праектная арганізацыя будзе даваць тлумачэньні па экалягічных складніках» завода. Па словах чыноўніцы, Мінпрыроды прапанавала праектнай арганізацыі сустрэцца з грамадзкімі актывістамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця. Пакуль невядома, ці такая сустрэча адбудзецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 гадзін зь міністрам. Чаго дамагліся пратэстоўцы супраць акумулятарнага заводуПратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця працягваюцца са студзеня 2018 году. Яго праціўнікі сабралі каля 40 тысяч подпісаў супраць зьяўленьня ля абласнога цэнтру такой вытворчасьці. На пачатку сьнежня актывісты былі на сустрэчы зь міністрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. Яна доўжылася больш за пяць гадзін.