«Мы ж на адзін твар, мы адны і тыя ж людзі. І я ведаю ўкраінцаў, — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА з прэс-канфэрэнцыі для расейскіх мэдыяў. — Яны ня ворагі, яны не такія дрэнныя».
«Я не хачу, каб старыя гінулі ў Данбасе. Я ведаю, што там адбываецца, лепш, чым тыя, хто сядзіць тут, і лепш, чым нават кіраўніцтва Расеі... Хай страляюць адзін у аднаго, калі мазгоў няма. Але дзеці чаго гінуць, яны ў чым вінаватыя? — цытуе Лукашэнку БелТА. — Вось з чаго зыходзіць мая пазыцыя. І ці нам, славянам, ваяваць тут. Мы ж на адзін твар, мы адны і тыя ж людзі. І я ведаю ўкраінцаў. Я там служыў, я там працаваў, да мяне людзі з захаду (Украіны. — Заўвага БЕЛТА) прыяжджалі, працавалі. Яны ня ворагі, яны не такія дрэнныя, як вы часам кажаце на каналах. Даўно пара спыніць гэта, ужо ніхто не глядзіць».
Аляксандар Лукашэнка лічыць, што трэба аднаўляць нармальныя адносіны.
«Чым далей — тым горш. Я вам скажу сваю пазыцыю: усе баяцца, што там (ва Ўкраіне. — РС) будзе NATO. Я нядаўна Ўладзіміру Ўладзіміравічу (Пуціну. — РС) сказаў: слухай, мы з табой хутка Госпада будзем прасіць, каб там было NATO, а не адмарожаныя нацмены са стрэльбай. Вось да чаго мы можам давесьці», — сказаў Лукашэнка.
«Вас не зьдзіўляе, што ў гэты момант ЗША выходзяць з дамовы аб абмежаваньні ракет малой і сярэдняй далёкасьці? А цяпер уявіце на хвілінку, што ў мяне пад Гомлем будуць стаяць ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі, а ў вас — пад Растовам. Мы што, гэтага хацелі? Таму, пакуль ня позна, трэба башку ў рукі ўзяць і не крычаць гвалтам, а нешта зрабіць, каб гэта спыніць», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, што гатовы быў устаць на мяжы паміж Расеяй і Ўкраінай на ДанбасеНа менскай сустрэчы асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі 31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў:
«Мы можам узяць на сябе адказнасьць за гарантаваньне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-ўкраінскай мяжы, а таксама суправаджаць правядзеньне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разуменьня таго, што гэтыя рэгіёны зьяўляюцца неад’емнай часткай Украіны».
Пазьней намесьнік міністра замежных спраў Украіны Васіль Боднар заявіў, што ўкраінскі бок пакуль ня бачыць магчымасьці ўдзелу Беларусі ў міратворчай місіі, паколькі гэта непасрэдна зьвязана з удзелам у АДКБ і расейскімі вайскоўцамі.
«Мы ня хочам сытуацыі, у якой Расея пры дапамозе Беларусі будзе ўплываць на тэрыторыю канфлікту на сваю карысьць», — сказаў дыплямат.