На сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 сьнежня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яго прапановы па кантролі на расейска-ўкраінскай мяжы і правядзеньні выбараў у Данбасе не знайшлі падтрымкі ў прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.
«Я ўжо гатовы быў як памежнік стаць на той мяжы, улічваючы, што да мяне нармальна рускія людзі ставяцца і ўкраінцы, і выбары там правесьці па Менскай дамове... Што вы думаеце? Тыя, каму трэба спыніць гэтую вайну, перш за ўсё Парашэнка і ўкраінцы, самі пачалі гэта адпрэчваць. Матывацыю знайшлі: Лукашэнка прарасейскі», — цытуе Інтэрфакc словы Лукашэнкі на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ ў Менску.
31 кастрычніка на менскай сустрэчы асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі Аляксандар Лукашэнка заявіў:
«Мы можам узяць на сябе адказнасьць за гарантаваньне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-ўкраінскай мяжы, а таксама суправаджаць правядзеньне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разуменьня таго, што гэтыя рэгіёны зьяўляюцца неад’емнай часткай Украіны».
Пазьней намесьнік міністра замежных спраў Украіны Васіль Боднар заявіў, што ўкраінскі бок пакуль ня бачыць магчымасьці ўдзелу Беларусі ў міратворчай місіі, паколькі гэта непасрэдна зьвязана з удзелам у АДКБ і расейскімі вайскоўцамі.
«Мы ня хочам сытуацыі, у якой Расея пры дапамозе Беларусі будзе ўплываць на тэрыторыю канфлікту на сваю карысьць», — сказаў дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць пагроза, што Расея зламае Лукашэнку», — палітыкі і экспэрты пра ўльтыматум Мядзьведзева ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў спрэчкі ў беларуска-расейскіх стасунках працоўнымі момантамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на ўльтыматум Мядзьведзева пра аб'яднаньне