Паводле яго, на сустрэчы лідэраў ЭАЭС выбачаліся «усе перад усімі».
На сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 сьнежня Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў свае выбачэньні на саміце ЭАЭС у Пецярбурзе за спрэчку 6 сьнежня.
Лукашэнка сказаў, што не выбачаўся перад Пуціным за спрэчку аб цэнах на газ, якая ўзьнікла на саміце, паведамляе БелТА.
Інфармацыю пра выбачэньні ён назваў «фэйкам», які ўзьнік праз журналістаў:
«Што яны робяць: даюць сварку з Пуціным у адкрытым эфіры, а далей — што Лукашэнку прыйшлося прасіць прабачэньня перад Пуціным за тое, што ён зь ім уступіў у гутарку. Ды бог з вамі! Я б ніжэй сваёй годнасьці палічыў за гэта прасіць прабачэньня. Мы прасілі прабачэньня там... Я перад Ніколам (выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікол Пашыньян. — РС) прасіў прабачэньня, што на яго напаў там з розных прычынаў. Пуцін прасіў прабачэньня перад усімі. Там жа такая каша была... Назарбаеў пачаў прасіць прабачэньня. І гэта сапраўды было — мы прасілі прабачэньня адзін перад адным на гэтым пасяджэньні. Але яны ж тонка і спэцыяльна падсунулі гэтую інфармацыю».
На саміце Лукашэнка і Пуцін паспрачаліся пра цану газу для Беларусі. Паводле Лукашэнкі, цана менш выгадная, чым для Нямеччыны. Пуцін на гэта адказаў, што «для Беларусі цана 129 даляраў, а рынкавая — 200 даляраў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газавая спрэчка: пра што дыскутавалі і ці дамовіліся Лукашэнка і Пуцін ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка анансаваў дату сустрэчы з Пуціным: на Каляды