Расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў 13 сьнежня на так званым саюзным Саўміне ў Берасьці выставіў беларускім уладам ультыматум.
Ён прапанаваў зьніжкі ў цане на газ і нафту ўзамен на аб’яднаньне валютных сыстэм Беларусі і Расеі, а таксама суду і мытні. Фактычна гэта прывядзе да аб’яднаньня Расеі і Беларусі ў адну дзяржаву, мяркуе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
У камэнтары Свабодзе Анісім адзначыла, што сучасную Расею трэба разглядаць як правапераемніцу Расейскай імпэрыі, і Крэмль і сёньня прасоўвае свае імпэрскія інтарэсы.
«Маскве асабліва важная тэрыторыя Беларусі, якая наўпрост прылягае да тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу. У гэтым нічога новага няма. І таму гэтая праблема і ўзьнікала раней, і будзе яшчэ ўздымацца і далей. На жаль, імпэрскае мысьленьне захавалася ў вядучых расейскіх палітыкаў і сёньня», — канстатуе дэпутатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на ўльтыматум Мядзьведзева пра аб'яднаньнеЯна лічыць, што далейшае разьвіцьцё падзеяў будзе залежыць ад палітычнай эліты Беларусі:
«Мне хацелася, каб у Беларусі было ўсё болей патрыятычна настроеных людзей. Не, прабачце за слова, халуёў, а людзей, адказных за лёс краіны. Людзей, якія разумеюць, што шанец мець сваю ўласную дзяржаву выпадае ў гісторыі ня так часта».
Алена Анісім кажа, што галоўнае ў сучаснай беларускай гісторыі тое, што Беларусь, няхай з памылкамі, часам буйнымі, усё ж застаецца сувэрэннай краінай.
«І гэтым трэба асабліва даражыць. Я думаю, што ў нашай палітычнай эліты хопіць розуму, сьмеласьці і адказнасьці ня даць узяць верх імпэрскім амбіцыям. Не такая ў нас кепская сытуацыя ў эканоміцы, каб мы не змаглі зьяднацца і пачаць выбірацца з той ямы, у якую яе зьбіраецца ўпіхнуць Крэмль».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць пагроза, што Расея зламае Лукашэнку», — палітыкі і экспэрты пра ўльтыматум Мядзьведзева