У Менску прайшоў падпольны канцэрт расейскага электроннага дуэту IC3PEAK, выступ якога за пару гадзін да канцэрту скасавала Упраўленьне культуры Менгарвыканкаму, паведамляе Tut.by.
Фанаты, нягледзячы на адмену канцэрту, усё адно сабраліся ля клюбу. Праз пэўны час зьявілася інфармацыя, што канцэрт усё ж адбудзецца, але ў клюбе «НЛО».
Фактычна гурт IC3PEAK правёў падпольны канцэрт, але выступ атрымаўся нядоўгім. Пасьля 30 хвілінаў выступу музыкам адключылі мікрафоны і папрасілі ўсіх пакінуць пляцоўку. Дуэт IC3PEAK надалей сьпяваў, і тады ахова прымусіла іх пакінуць сцэну.
На канцэрце былі каля 150 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам скасаваў канцэрт расейскага гурта: нібыта прадалі зашмат квіткоў13 сьнежня ў Менску быў заплянаваны канцэрт расейскага электроннага дуэту IC3PEAK. Але за пару гадзін да выступу арганізатары паведамілі, што шоў у клюбе «Бруге» скасоўваецца — Упраўленьне культуры Менгарвыканкаму адклікала выдадзенае раней гастрольнае пасьведчаньне.
Прычынай адмены канцэрту назвалі неадпаведнасьць колькасьці фактычна прададзеных квіткоў (нібыта 450) з заяўленай колькасьцю месцаў (150).
Тур-мэнэджар IC3PEAK Алег Мітрафанаў пацьвердзіў выданьню Meduza, што аддзел ідэалёгіі рэкамэндаваў клюбу не праводзіць канцэрт і прыгразіў праверкамі, падчас якіх знойдуць парушэньні. Ён сказаў, што на канцэрт прадалі не 450, а 600 квіткоў.
Расейскі праваабаронца, кіраўнік супольнасьці «Агора» Павел Чыкаў, які першым паведаміў пра магчымае скасаваньне канцэрту, сьцьвярджаў, што канцэрт забаранілі ідэолягі з выканкаму Цэнтральнага раёну і Менгарвыканкаму, «за сьпінамі якіх маячаць мундзіры афіцэраў КДБ». Зрывы канцэртаў гурту, пісаў ён, гэта «цяпер міжнародны трэнд».
Чыкаў раней расказваў расейскай службе Свабоды, што IC3PEAK апынуліся ў нефармальных «чорных сьпісах» расейскіх уладаў разам з рэпэрамі Хаскі і Элджэй, гуртом «Френдзона» ды іншымі.
Раней сьцьвярджалася, што нямала беларускіх музыкаў былі ў нефармальных «чорных сьпісах»: забаранялі і зрывалі канцэрты Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, гурту Dzieciuki ды іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура скрытыкавала менскія ўлады: забаранялі замала канцэртаў