Міжнародная фэдэрацыя бабсьлею пакарала за допінг пяцёх расейскіх спартоўцаў

Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная фэдэрацыя бабсьлею і скелетону (IBSF) заявіла аб адхіленьні пяцёх расейскіх спартоўцаў за парушэньне антыдопінгавых правілаў падчас зімовай Алімпіяды ў Сочы ў 2014 годзе, паведамляе «Настоящее время».

Сярод іх — кіраўнік Фэдэрацыі бабсьлею Расеі Аляксандар Зубкоў. Яму забаранілі наведваць спаборніцтвы пад эгідай IBSF.

Траім спартоўцам — Аляксандру Касьянаву, Аляксею Пушкарову і Ільвіру Хузіну — забаронена выступаць на спаборніцтвах. Пяты бабсьлеіст, Аляксей Ваявода, ужо завяршыў спартовую кар’еру.

Аляксандар Зубкоў расказаў агенцтву «Інтэрфакс», што накіраваў запыт у IBSF правесьці слуханьні ў іхнай справе. «Мы лічым, што часовага адхіленьня быць не павінна, бо ўсе ўжо адказалі за Сочы», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Удар па чыстых спартоўцах», — Антыдопінгавае агенцтва ЗША пра рашэньне WADA аб Расеі

У 2017 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў Зубкова двух залатых мэдалёў Алімпіяды ў Сочы. Тады яго пажыцьцёва адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе, але ў пачатку 2018 году Спартовы арбітражны суд у Лязане замяніў пажыцьцёвую дыскваліфікацыю на пропуск адной Алімпіяды.

Пры гэтым суд у Маскве прызнаў рашэньні гэтых судоў несапраўднымі ў Расеі, што вярнула Зубкову статус алімпійскага чэмпіёна ў гэтай дзяржаве.

У 2016 годзе Міжнародная фэдэрацыя бабсьлею і скелетону скасавала правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Сочы.

Раней незалежная камісія Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна апублікавала дзьве часткі дакладу пра допінг у расейскім спорце. Згодна з дакладам, больш як тысяча расейскіх спартоўцаў у 30 відах спорту ўжывалі допінг.