Колькасьць загінулых падчас акцый пратэсту «жоўтых камізэлек» ў Францыі ўзрасла да шасьці чалавек. Апошняй ахвярай стаў 23-гадовы жыхар Авіньёну. На яго наехаў грузавік. Кіроўца — грамадзянін Польшчы. Яго затрымалі.
Пра гэта гаворыцца ў трансьляцыі на сайце тэлеканала LCI. Тэлеканал са спасылкай на крыніцы ў паліцыі ўдакладняе, што наезд быў наўмысным.
Пратэсты «жоўтых камізэлек» пачаліся ў сярэдзіне лістапада. Дзясяткі тысяч дэманстрантаў патрабавалі ад урада адмовіцца ад павышэньня падаткаў на аўтамабільнае паліва. Улады пайшлі на саступкі і ўвялі мараторый на рашэньне тэрмінам на паўгода. Аднак пасьля гэтага працягнуліся акцыі супраць палітыкі Парыжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі пагадзіўся падвысіць мінімальны заробак на 100 эўраПрэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон прапанаваў ураду са студзеня павысіць мінімальную зарплату на 100 эўра ў месяц і не абкладаць падаткам звышурочную працу. Апроч іншага прэзыдэнт паабяцаў палегчыць падатковы цяжар для пэнсіянераў і людзей з нізкім узроўнем даходу.
Па дадзеных францускіх СМІ за час пратэстаў паліцыя затрымала ў розных гарадах каля чатырох з паловай тысяч маніфэстантаў у сувязі з парушэньнем грамадзкага парадку і актамі вандалізму. 15 сьнежня, у суботу, у Францыі зноў чакаюцца антыўрадавыя выступы «жоўтых камізэлек».