У Менскім клюбе «Бруге» 13 сьнежня меў адбыцца канцэрт расейскага электроннага дуэту IC3PEAK. Як расказалі Tut.by у клюбе, рашэньне аб скасаваньні канцэрту прыняў Менгарвыканкам.
Прычынай адмены канцэрту назвалі неадпаведнасьць колькасьці фактычна прададзеных квіткоў (нібыта 450) з заяўленай колькасьцю месцаў (150).
Тур-менеджэр IC3PEAK Алег Мітрафанаў пацвердзіў выданьню Meduza, што аддзел ідэалёгіі рэкамендаваў клюбу не праводзіць канцэрт і прыгразіў праверкамі, падчас якіх знойдуць парушэньні. Ён сказаў, на канцэрт прадалі не 450, а 600 квіткоў.
Onliner.by піша, што арганізатары думаюць, якую з прычынаў адмены канцэрту агучыць.
«Былі нейкія дзіўныя тэлефанаваньні. Нам сказалі адмовіцца ад правядзеньня канцэрту», — сказалі арганізатары.
Расейскі праваабаронца, кіраўнік супольнасьці «Агора» Павел Чыкаў, які першым паведаміў пра магчымае скасаваньне канцэрту, сьцьвярджаў, што канцэрт забаранілі ідэолягі з выканкаму Цэнтральнага раёну і Менгарвыканкаму, «за сьпінамі якіх маячаць мундзіры афіцэраў КДБ». Зрывы канцэртаў гурту, пісаў ён, гэта «цяпер міжнародны трэнд».
Чыкаў раней расказваў расейскай службе Свабоды, што IC3PEAK аказаліся ў нефармальных «чорных сьпісах» расейскіх уладаў разам з рэпэрамі Хаскі і Элджэй, гуртом «Френдзона» і іншымі.
Раней сьцьвярджалася, што нямала беларускіх музыкаў былі ў нефармальных «чорных сьпісах»: забараняліся і зрываліся канцэрты Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, гурту Dzieciuki і іншых.
Часам называліся сумнеўныя прычыны, як то «ўцечка этыленгліколю» або «нізкі прафэсійны ўзровень»; часам проста не давалі гастрольнае пасьведчаньне, а часам не давалі праводзіць канцэрты нават з «гастролькай». Празь «нізкі мастацкі ўзровень» сёлета забаранілі канцэрт паўднёваафрыканскага гурту Die Antwoord. Музычны крытык Аляксандар Чарнуха публікаваў на Onliner.by падрабязны разбор прынцыпаў і мэтадаў забаронаў канцэртаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура скрытыкавала менскія ўлады: забаранялі замала канцэртаў