Сёньня ў Казахстане штогод распадаецца кожны трэці шлюб, а ўсяго за апошнія 10 гадоў у краіне распалася паўтара мільёна шлюбаў.
У кастрычніку прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў назваў сытуацыю ў гэтай сфэры «крытычнай» і асабіста даручыў чыноўнікам прыняць меры па зьніжэньні разводаў.
Чыноўнікі рапартуюць, што загад гатовыя выканаць: змагацца з разводамі ў Казахстане пачнуць ужо ў наступным годзе. Пакуль жа распрацаваны і адпраўлены заканадаўцам законапраект, які павінен за пяць гадоў, да 2023 года, зьнізіць гэты паказьнік на 30%.
Згодна з дакумэнтам на сайце Міністэрства грамадзкага разьвіцьця, па ўсім Казахстане будуць адкрытыя цэнтры «сямейнага выхаваньня і падтрымкі сям’і». Там зь людзьмі будуць весьці асьветніцкія гутаркі, пачынаючы з моманту падачы заявы ў ЗАГС.