Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову (PDF), якая карэктуе ранейшыя дакумэнты, зьвязаныя з так званым «дармаедзкім дэкрэтам» Аляксандра Лукашэнкі.
Збор не скасоўваюць, але са сьпісу дармаедаў выкрэсьліваюць некаторыя катэгорыі грамадзянаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 вострых пытаньняў да стваральнікаў «базы дармаедаў»У лік дармаедаў ня будуць уключаць:
- непаўналетніх на момант складаньня базы (цяпер зьявілася ўдакладненьне, што ў сьпісы «дармаедаў» ад МУС уключаюцца толькі людзі, якім ужо споўнілася 18 гадоў, але ў сьпісы за першае паўгодзьдзе трапляюць тыя, каму споўнілася 18 на 1 ліпеня бягучага году, а за другое паўгодзьдзе — каму споўніцца 19 на 1 студзеня наступнага году пасьля таго, за які бяруць «дармаедзкі падатак»);
- уласьнікаў маёмасьці камэрцыйных арганізацыяў і заснавальнікаў гэтых арганізацыяў (але будуць уносіць у базу ўласьнікаў маёмасьці акцыянэрных таварыстваў);
- жонак ці мужоў тых, хто працуе па разьмеркаваньні пасьля навучаньня ў месцах, дзе немагчыма знайсьці ім працу — да фразы пра «маладых спэцыялістаў» дадалі «маладых рабочых (службоўцаў)» (сужэнцаў вайскоўцаў-кантрактнікаў і афіцэраў і раней ня ўносілі ў базу);
- сужэнцаў дыпляматаў і работнікаў дыпляматычнага пэрсаналу за мяжой;
- людзі, якія знаходзяцца пад дыспансэрным назіраньнем праз хранічныя або зацяжныя псыхічныя хваробы (наркаманаў, таксыкаманаў і алькаголікаў пры гэтым будуць лічыць дармаедамі);
- людзей перадпэнсійнага ўзросту, якія на 1 студзеня наступнага году (у базы за першае паўгодзьдзе бягучага году) або на 1 ліпеня наступнага году (калі база складаецца на другое паўгодзьдзе) дасягнуць пэнсійнага ўзросту (або будуць ужо старэйшымі);
- бацькоў дзяцей узростам да 7 гадоў, а таксама бацькоў траіх і больш дзяцей да 18 гадоў, калі дзіця дасягнула 7-гадовага або, адпаведна, 18-гадовага ўзросту ў паўгодзьдзі, за якое фармуецца «база дармаедаў».
Камісія судзеяньня занятасьці цяпер можа прымаць рашэньне аб накіраваньні беспрацоўных, «якія вядуць асацыяльны лад жыцьця», у «лячэбна-працоўныя прафілякторыі» (гэтыя «прафілякторыі» прадугледжваюць прымусовую працу насуперак беларускім законам, Канстытуцыі і міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, але фактычна не прадугледжваюць лячэньня).
МУС цяпер будзе падаваць у Міністэрства працы зьвесткі ня толькі пра дату нараджэньня, нумар пасьведчаньня асобы, грамадзянства, зьвесткі пра рэгістрацыю па месцы жыхарства (гэтыя пункты былі і раней), але і пра дату сьмерці або дату прызнаньня асобы зьніклай ці непрацаздольнай; даты скасаваньня прызнаньня памерлым, зьніклым ці непрацаздольным; даты нараджэньня дзяцей і ідэнтыфікацыйныя нумары дзяцей; даты пазбаўленьня або аднаўленьня бацькоўскіх правоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія міжнародныя законы, пакты, канвэнцыі парушае «дармаедзкі» дэкрэтМіністэрства адукацыі мае да 1 красавіка 2019 году стварыць адзіную базу навучэнцаў — тых, хто вучыцца на дзённай форме, не павінны лічыць дармаедамі.
Міністэрства працы мусіць актуалізаваць штомесяц зьвесткі аб вызваленых ад «падатку на дармаедзтва», у тым ліку зьвесткі ад Міністэрства падаткаў і збораў і Мінздароўя, а таксама зьвесткі аб сьмерці ад МУС.
Новая пастанова не мяняе ранейшых фармулёвак, празь якія ў базы «дармаедаў» могуць уключыць тых, хто сплаціў падаходны падатак зь фізычных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пазбавіў семʼі «дармаедаў» дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытлаГалоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.